Падзяка Госпаду Богу і маленьне аб большай помачы

1 Кіраўніку хору. Псальм Давідавы.
2 Чакаў я зь вялікай надзеяй на Госпада
і Ён схіліўся нада мною
і выслухаў маё маленьне.
3 Вывеў мяне зь ямы пагібельнай, зь цяністага балота
і ногі мае паставіў на скале,
узмацняючы крокі мае.
4 У вусны мае ўлажыў новую песьню — хвалу нашаму Богу.
Многія ўбачаць і ўбаяцца і давераць будуць Госпаду.
5 Шчасьлівы ёсьць той чалавек,
які надзею сваю ўскладае на Госпада
і ня схіляецца да непакорных і да тых,
што блудзяць у няпраўдзе!
6 О, колькі Ты, Госпадзе Божа мой, учыніў цудаў
і замыслаў тваіх дзеля нас!
Нікога няма Таба роўнага.
Я хацеў бы гэта абвяшчаць і пераказаць,
дый лішне іх многа, каб іх палічыць.
7 Ахвярай (жэртваў) і дараў Ты не жадаў,
але Ты вушы мне адчыніў.
Ты не хацеў жэртваў і цэлапаленьняў за грэх.
8 Тады я сказаў: “Вось я іду!
у кніжным зьвітку мне прадпісана. . . ”
9 Тварыць волю тваю, Божа мой, роскаш мая
і Закон твой — у глыбіні майго сэрца.
10 Я абвяшчаў справядлівасьць Госпада ў вялізнай грамадзе
і вуснаў маіх я не спыняў, — Ты гэта ведаеш.
11 Справядлівасьці тваей я не ўкрываў у глыбіні майго сэрца:
я гаварыў пра вернасьць тваю і ўспамогу тваю,
я не затаіў тваей міласьці
і тваей праўды перад вялікім зборам.
12 А Ты, Госпадзе, не зачыняй ласкавасьці тваей ад мяне!
Міласьць твая — магутная
і праўда твая няхай захавае мяне заўсёды!
13 Дый беды аблягаюць мяне — нельга іх палічыць:
мае праступкі зваліліся на мяне,
так што не магу іх больш бачыць!
Іх больш як валосься на маей галаве
і сэрца маё ўпала.
14 Будзь ласкаў, Госпадзе, збавіць мяне:
пасьпяшы на ўспамогу мне, Госпадзе!
15 Няхай заўстыдаюцца і асаромяцца ўсе тыя,
што шукаюць пагібелі для душы маей!
Няхай павернуць назад ды пакрыюцца стыдам тыя,
што цешацца з майго няшчасьця!
16 Няхай зьбянтэжацца ў сораме сваім тыя,
што мне гукаюць: “Га-га!”.
17 Радасьць у Табе і вясельле няхай будзе ўсім тым,
што Цябе шукаюць.
Няхай гавораць заўсёды: ”Бог ёсьць вялікі” тыя,
што любяць збаўленьне тваё.
18 А я — бедны і няшчасны!
“Госпадзе, прыйдзі скора!
Ты — мая ўспамога і Збавіцель,
Мой Божа, не марудзь! (не баўся!)”.

Каментары ці зноскі:

а) Прарок дзякуе Богу за дадзеныя ласкі і помач у дасьведчаньні і ў розных патрэбах дый няшчасьцях. Але вось новыя беды напалі на яго, дык ізноў зьвертаецца з гарачым заклікам да Божага Міласэрдзя! Каб заўстыдаліся нягоднікі, што яго прасьледуюць несправядліва і каб радаваліся праведныя.

б) Гэты псальм таксама, як некаторыя папярэднія, прызнаецца мэсыянскім, асабліва ў вершах 7−9, як паказваў і ап.Павел, Сам Хрыстос прамаўляе да Бога Айца. (Гл. ліст да Жыдоў 10:5−9!)

в) У канцы псальму прарок прыклікае да малітвы і надзеі ў Богу — у вершы 17 — і гэтым цэлы псальм становіцца грамадзкім і вельмі прыдатным да агульнае царкоўнае малітвы і набажэнства.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга псальмаў, псальм 40

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

2023, Алічбованне — Сяргей Шобік, biblia.by.