Мэсыяш — цар, абяцаны Ізраілю

1 Саламона.
О, Божа, даў суд твой цару і справядлівасьць тваю сыну цара!
2 Каб ён кіраваў народам тваім справядліва
і пакорнымі тваімі паводле права.
3 Каб горы прынесьлі народу супакой і ўзгоркі — справядлівасьць.
4 Каб рассудзіў уніжаных з народу, ратаваў дзяцей убогіх
і скрышыў іхніх гвалтоўнікаў.
5 І будзе ён жыць з роду ў род, пакуль будзе сонца ды месяц.
6 Няхай усходзе як дождж на атаву,
як улева, што навадняе зямлю!
7 За яго дзён закрасуе справядлівасьць і мір глыбокі,
пакуль трывае месяц.
8 І будзе ён панаваць ад мора да мора
і ад Ракі — аж да краю зямлі.
9 Перад ім паклоняцца праціўнікі,
а ворагі яго лізаць будуць пыл (зямлі).
10 Цары Тарсу і астравоў прыносяць яму дарункі,
цары Арабіі і Сабы дадуць ахвяры.
11 І паклоняцца яму ўсе цары,
усе народы яму служыць будуць.
12 Бо ён паратуе ўбогага, які помачы кліча
і няшчаснага, што помачы не мае.
13 Ён літуецца над слабым і небаракам і збавіць душы беднякоў.
14 З уціску і гвалту вызваліць іх душы,
і дарагая будзе іхняя кроў у ягоных вачах.
15 (Няхай жыве і хай даюць яму золата з Сабы!)
і будуць маліцца за яго заўсёды,
і багаслаўляць штодня (яму).
16 Будзе багацьце збожжа на зямлі — аж да верху гораў!
Празьмерна, як на Ліване (лясы), будуць шумець каласы
і ў гарадах расцьвітуць (людзі) як трава ў полі.
17 Хай будзе багаслаўлёнае ягонае Імя навекі,
пакуль сонца будзе трываці.
Багаслаўлёныя будуць у ім усе плямёны зямлі
і будуць славіць яго ўсе народы.
18 Хай будзе пахвалёны Госпад, Бог Ізраіля,
які Сам адзін творыць цуды!
19 І багаслаўлена хай будзе ягонае слаўнае Імя навекі!
Уся зямля няхай поўніцца славай ягонай!
Аман! Аман!
20 Канец малітваў Давіда, сына Ессея.

Каментары ці зноскі:

УВАГА: З загалоўку здаецца, што гэты псальм напісаў Салямон, але паводле некаторых сьпіскаў ведама, што псальм гэты ўлажыў Давід для свайго наступніка — сына Салямона. Абразы і параўнаньня ў псальме ўзяты з часоў салямонавага царства, але псальміст пераносіцца духам прарочым да патомка — сына Давідавага, да Мэсыяша, якога валадарства будзе трываць, “пакуль будзе сонца ды месяц” і ён будзе панаваць “аж да краю зямлі”. І “багаслаўлены будуць у ім усе плямёны зямлі” і інш. Значыць, цару зямному прыпісваць усяго гэтага нельга.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга псальмаў, псальм 72

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

2023, Алічбованне — Сяргей Шобік, biblia.by.