1 Салямонавы. Божа, дай суд Твой каралю і Справядлівасьць Тваю сыну караля.
2 Няхай судзіць народ Твой у справядлівасьці і ўбогіх Тваіх па праўдзе.
3 Няхай прынясуць горы мір народу і ўзгоркі — справядлівасьць.
4 Хай Ён судзіць убогіх народу. Хай Ён ратуе сыноў убогага і размяжджуліць уціскальніка.
5 Хай будуць баяцца Цябе, пакуль будуць сонца і месяц, з роду ды ў род.
6 Хай сыйдзе Ён, як дождж на скошаны (луг), як лівуны, якія прамачываюць зямлю.
7 У дні Ягоныя будзе цьвісці праведнік, і паўната міру, пакуль будзе месяц.
8 Хай валадарыць Ён ад мора да мора і ад ракі і да канцоў зямлі.
9 Перад Абліччам Ягоным упадуць ніцма народы пустэльняў, і ворагі Ягоныя будуць лізаць пыл.
10 Каралі Тарсу і выспаў паднясуць Яму падарункі. Каралі Шэвы і Сэвы прынясуць Яму падаткі.
11 Усе каралі ўпадуць перад Ім нíцма; усе народы будуць Яму служыць;
12 бо Ён вызваліць убогага, які (да Яго) моліцца, і прыгне́чанага, і (таго), які ня мае, хто б яму дапамог.
13 Ён будзе прытулкам убогаму і таму, хто ў галечы, і ду́шы тых, хто ў галечы, Ён выратуе.
14 Ён вызваліць душу́ іхную ад прыгнёту і гвалту, і кроў іхная ёсьць каштоўная ў Вачах Ягоных.
15 (Хай) Ён будзе жыць, і (хай) дадуць Яму ад золата Шэвы. Хай будуць маліцца дзеля (у Імя) Ягонае ўсьцяж, хай будуць Яго ўвесь дзень багаслаўляць (славіць).
16 Хай будзе збытак збожжа ў зямлі, наверсе гор. Хай Ягоны плод шуміць, як лес на Ліва́не. І хай квітнее насельніцтва места, як тра́вы на зямлі.
17 Хай будзе Імя Ягонае наве́чна. Хай трывае Імя Ягонае перад сонцам (вечна). І хай у Ім будуць багаславёны ўсе народы, і хай яны завуць Яго шчасьлівым.
18 Хай будзе багаславёны Ягова, Бог, Які Бог Ізраэля, Які чыніць Цуды, Ён Адзіны!
19 І хай будзе багаславёным Імя Ягонае вечна. І ўся зямля хай будзе напоўнена Славай Ягонай. Амін і амін.
20 Канец малітваў Давіда, сына Ясэявага.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 72

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020