1 Псальм Давідавы. Пра міласэрнасьць і суд я буду сьпяваць. Табе, Ягова, я буду сьпяваць і іграць.
2 Я буду трымацца шляху бяззаганнага. Калі Ты прыйдзеш да мяне? Я буду хадзіць у шчырасьці сэрца майго сярод дому майго.
3 Я ня пастаўлю перад вачамі маімі рэч нікчэмную. Я нянавіджу ўчынак адступнікаў: ён ня прыліпне да мяне.
4 Перакорлівае сэрца ўхіліцца ад мяне. Ліхога я ня буду ведаць.
5 Хто бліжняга свайго таемна абгаворвае, я таго праганю. Ганарыстага вачамі і пага́рдлівага сэрцам я ня пацярплю.
6 Вочы мае на верных зямлі, каб яны жылі са мною. Хто ходзіць шляхам бяззаганным, той будзе служыць мне.
7 Ня будзе жыць у доме маім той, хто робіць хітрасьць. Хто гаворыць ілжу, той ня выстаіць перад вачамі маімі.
8 Кожнай раніцай буду зьнішчаць усіх бязбожнікаў зямлі, каб выкараніць зь места Яговы ўсіх ліхадзеяў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 101

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020