1 Кіраўніку хору. Псальм Давідавы,
2 як прарок Натан прыйшоў да яго, пасьля таго, як ён увайшоў да Батсэбы.
3 Зьлітуйся нада мною, Божа, паводля міласэрнасьці Тваёй ды паводля велічы літасьцівасьці Тваёй даруй мне бяззаконьні мае!
4 Абмый мяне ўсяго ад бяззаконьня майго і ад грэху майго ачысьці мяне,
5 бо я ведаю бяззаконьні мае, і грэх мой усьцяж перада мною.
6 Перад Табой, Табой Адзіным зграшыў я і перад Вачамі Тваімі зрабіў ліхое я; — таму Ты будзеш справядлівы ў прысудзе Тваім і чысты ў судзе Тваім.
7 Дык вось! у бяззаконьні я народжаны, і ў грэху пачала́ мяне мая матка.
8 І яшчэ! Ты маеш задавальненьне ад праўды ў сэрцы. І ў нутры маім Ты навучаеш мяне мудрасьці.
9 Адграшы мяне гізопам, так стану я чыстым. Абмый мяне, так стану я бялейшым за сьнег.
10 Дай Ты мне пачуць радасьць і вясёласьць, так узрадуюцца косткі, якія Ты скрышыў.
11 Адвярні Аблічча Тваё ад грахоў маіх і сатры ўсе мае бяззаконьні!
12 Ствары ўва мне, Божа, сэрца чыстае і духа справядлівага абнаві ўнутры мяне.
13 Ня адкінь Ты мяне ад Аблічча Твайго і Духа Твайго Сьвятога ня адбірай у мяне!
14 Вярні мне радасьць збаўленьня Твайго і духам добрай волі падмацуй мяне.
15 Я буду вучыць законапарушальнікаў шляхоў Тваіх, тады грэшнікі ве́рнуцца да Цябе.
16 Вызваль мяне ад крывавай віны, Божа, (Ты) Бог майго збаўленьня! Язык мой будзе ўрачыста славіць справядлівасьць Тваю.
17 Мой Госпад, расчыні мае вусны, і рот мой будзе абвяшчаць хвалу Тваю,
18 бо Ты ня жадаеш ахвяры, інакш я даў бы яе (Табе), і цэласпаленьне ня люба Табе.
19 (А прыемная) Богу ахвяра — дух скрышаны; сэрцам злама́ным і скрышаным Бог ня пагрэбуе.
20 Учыні Сыёну добрае водля зычаньня Твайго. Збудуй муры Ярузаліму.
21 Тады ўпадабаеш Ты ахвяру праўды, прынашэньне і цэласпаленьне. Тады ахвяруюць на Тваім ахвярніку маладых быкоў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 51

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020