1 Кіраўніку хору. Псальм Давідавы.
2 Пачуй, Божа, голас маленьня майго, ад страху ворага сьцеражы жыцьцё маё!
3 Беражы Ты мяне ад патайной змовы зламысьнікаў, ад зборышча бяззаконьнікаў,
4 якія язык свой навастрылі, як меч, якія жорсткае слова, як стралу, наклалі (на лук),
5 каб употай страляць у бяззаганнага. Яны зьнянацку страляюць ў яго, і яны ня баяцца.
6 Яны мацуюць сябе ў справе ліхой, яны змаўляюцца, як патаемна паставіць сеткі, і кажуць: «хто убачыць іх?»
7 Яны выдумляюць ліхадзействы: «Мы закончым выдумку. План выдуманы.» І ўнутранае чалавека, сэрца, ёсьць таямніца (цяжкаспасьцігаемая).
8 Тады Бог стрэліць па іх стралою. І яны зьнянацку стаюцца паражонымі.
9 І спатыкнуцца яны з прычыны сваіх языкоў. Усе, хто іх бачыць, адхіну́цца ад іх.
10 Тады ўсе людзі збаяцца і будуць апавяшчаць Дзею Бога і разважаць пра Ягоны Ўчынак.
11 Праведны ўзрадуецца ў Госпадзе і возьме прытулак у Ім. Няхай хваляцца ўсе справядлівыя сэрцам.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 64

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020