1 Кіраўніку хору: на лад песьні: лань на досьвітку. Псальм Давідавы.
2 Божа Мой! Божа Мой! Чаму Ты пакінуў Мяне? Далёкі ад ратунку Майго, ад слоў стагна́ньня Майго?
3 Божа Мой! Я клічу ўдзень, і Ты ня адказваеш, і ўначы, і няма Мне супакою.
4 Але Ты ёсьць Сьвяты, Ты ўсьсядаеш, як на троне, на хва́лах Ізраэлявых.
5 На Цябе спадзяваліся ба́цькі нашыя. Яны спадзяваліся, і Ты вызваляў іх.
6 Да Цябе яны гукалі і былí выратаваныя. Яны спадзяваліся на Цябе і ня былí пасаромленыя.
7 Але Я чарвяк, а ня чалавек, зьнявага ў людзей і зганьбаваны народам.
8 Усе, хто бачаць Мяне, насьмяхаюцца нада Мною, крывячы вусны і ківаючы галовамі.
9 Ён спадзяваўся на Ягову! Дык няхай выратуе Яго, няхай вызваліць Яго, калі Ён даспадобы Яму!
10 Але ж Ты вывеў Мяне з чэрава (матчынага), Ты даў Мне надзею ля пелькаў маткі Маёй.
11 На Цябе Я пакінены ад улоньня (маткі), ад чэрава маткі Маёй Ты ёсьць Мой Бог!
12 Ня аддаляйся ад Мяне, бо пакуты ўжо блізка, а памочніка няма.
13 Многа маладых быкоў вакол Мяне, магутныя Басанскія абступілі Мяне.
14 Яны разяўляюць ляпы свае на Мяне, быццам рыкаючы леў, які рве на шматкí.
15 Я выліты, быццам, вада, і ўсе косткі Мае рассыпаны. Сэрца Маё ёсьць, як воск, растоплена ў Маім нутры.
16 Сіла Мая высахла, як чарапок, язык Мой прыліп да паднябеньня Майго. І ў пыл сьмерці кладзеш Ты Мяне;
17 бо сабакі Мяне атачылі, хэўра нянавісьнікаў абступіла Мяне. Яны прабілі Рукі Мае і Стопы Мае.
18 Я магу пералічыць усе Мае косткі. Яны глядзяць і разглядаюць Мяне (як відовішча).
19 Яны дзеляць паміж сабою вопратку Маю, і аб рызе Маёй кíдаюць жэрабя.
20 Але Ты, Ягова, ня аддаляйся (ад Мяне)! Сіла Мая, пасьпяшай Мне на дапамогу!
21 Выратуй ад меча Душу́ Маю, ад заваладаньня сабакамі адзінокую Маю.
22 Выратуй Мяне ад пашчы ільва і ад рагоў буйвалаў. Бо Ты пачуў Мяне.
23 Буду абвяшчаць Імя Тваё братом Маім, сярод сходу буду славіць Цябе.
24 Вы, што баіцёся Ягову, усхваляйце Яго! Усё насеньне Якубавае ўсхваляйце Яго; і бойцеся Яго ўсё насеньне Ізраэля;
25 бо Ён ня пагардзіў і ня збрыдзіўся жа́льбаю ўбогага, і ня адвярнуў Аблічча Свайго ад яго. І калі ён гукаў да Яго, выслухаў яго.
26 Ты натхняеш мяне на славахваленьне ў сходзе вялікім. Маё ўрачыстае абяцаньне я споўню перад тымі, што баяцца Яго.
27 Убогія будуць есьці і наяду́цца. Будуць хваліць Ягову тыя, што шукаюць Яго. Хай вечна жыве вашае сэрца!
28 Успомняць і наве́рнуцца да Яговы ўсе канцы зямлі, і паклоняцца перад Табою ўсе плямёны паганаў,
29 бо Яговы ёсьць Валадараньне, і Ён валадарыць над народамі.
30 Будуць есьці і паклоняцца ўсе сытыя зямлі. Схіляцца перад Ім усе, што сходзяць у тло, і кожны, хто душу́ сваю ня можа ўтрымаць у жыцьці.
31 Нашчадкі будуць служыць Яму. І будучае пакаленьне будзе прылічана да майго Госпада.
32 Яны прыйдуць і абвесьцяць Ягоную справядлівасьць народу, які народзіцца, што Ён (гэта) зрабіў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Псальмаў, псальм 22
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020