1 Кіраўніку хору, Ядутуну. Псальм Давідавы.
2 Я сказаў: «Буду я пільнаваць шляхі мае, каб мне ня грашыць языком маім. Я буду надзяваць вуздэчку на вусны мае, пакуль бязбожнік перада мною».
3 Я быў зьнямеўшым у маўчаньні, маўчаў нават пра добрае; але боль мой стаўся разварушаным.
4 Сэрца маё разгарачылася ў нутры маім. У роздумах маіх запалаў агонь. Я загаварыў языком маім:
5 Дай знаць мне, Ягова, пра канец мой, і які лік дзён маіх; каб я ведаў, які даўгавечны я.
6 Вось! як пядзі Ты даў мне мае дні, і век мой, як нішто прад Табою. Сапраўды, адна марнасьць ёсьць усякі чалавек, як бы ён цьвёрда ня стаяў. Зэля.
7 Сапраўды, чалавек ходзіць, як прывід. Сапраўды, марнасьць ёсьць усё, пра што яны клапоцяцца. Ён зьбірае і ня ведае, каму дастанецца гэта.
8 А цяпер, чаго я чакаю, мой Госпад? Надзея мая — на Цябе!
9 Вырві мяне ад усіх правіннасьцяў маіх! Ня аддай мяне на пасьмешышча няразумнага!
10 Я анямеў, ня адчыняю вуснаў маіх, бо Ты, Ты гэта зрабіў.
11 Зьнімі зь мяне пакараньне Тваё. Ад супрацьдзеяньня Рукі Тваёй (супраць мяне) я гібе́ю.
12 Ты ўшчуваньнямі караеш чалавека за ягоную правіннасьць, Ты расьцярушваеш ягоную прывабнасьць, быццам з’едзеную моляй. Сапраўды, кожны чалавек ёсьць марнасьць. Зэля.
13 Пачуй, Ягова, малітву маю, прымі да Слыху Твайго мой крык! Ня маўчы на сьлёзы мае, бо я прыхадзень у Цябе, чужынец, як і ўсе ба́цькі мае.
14 Адвярні ад мяне Твой позірк, каб я падмацаваўся, перш чым сыйду і больш ня будзе мяне.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Псальмаў, псальм 39
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020