1 Псальм Давідавы. Да Цябе, Ягова, узьнімаю я душу́ маю.
2 Божа мой! На Цябе спадзяюся я. Ня дай мяне асароміць! Ня дай ворагам маім быць пераможцамі нада мною!
3 І ўсе, хто спадзяецца на Цябе, ня будуць асаромлены. Асаромлены будуць тыя, якія бяз дай прычыны робяць няверныя ўчынкі.
4 Пакажы мне, Ягова, дарогі Твае. Навучы мяне сьцежкам Тваім.
5 Дай мне хадзіць у Праўдзе Тваёй і вучы мяне, бо Ты ёсьць Бог выратаваньня майго. На Цябе я спадзяюся штодня.
6 Успомні шчадроты Твае, Ягова, і міласэрнасьць Тваю, бо яны ёсьць спрадвеку.
7 Грахоў маладосьці маёй і злачынстваў маіх ня ўспамінай. Паводля міласэрнасьці Тваёй успомні Ты мяне — паводля Тваёй дабрыні, Ягова!
8 Добры і справядлівы ёсьць Ягова. Таму Ён паказвае грэшнікам дарогу.
9 Пакорлівых Ён водзіць у праўдзе і вучыць пакорлівых шляху Свайму.
10 Усе шляхі Яговы ёсьць міласэрнасьць і праўда для тых, хто трымаецца Ягонага Запавету і Ягоных сьведчаньняў.
11 Дзеля Імя Твайго, Ягова, даруй грэх мой, бо ён вялікі.
12 Хто ёсьць чалавек, які баіцца Яговы? Яму пакажа Ён шлях, які трэба яму абраць.
13 Душа ягоная будзе жыць у дабры, і насеньне ягонае ўспадкуе зямлю.
14 Тайная парада Яговы да тых, хто Яго баяцца, і Запавет Свой дае ім знаць.
15 Вочы мае заўсёды да Яговы, бо Ён выцягне ногі мае зь сеткі.
16 Абярніся да мяне і зьлітуйся нада мною, бо я самотны і прыгнечаны.
17 Гароты сэрца майго памножыліся, вывядзі мяне зь нягодаў маіх!
18 Глянь на пакуту маю і зьнямогу маю, і даруй усе грахі мае.
19 Глянь на ворагаў маіх, бо іх многа, і лютай нянавісьцю яны нянавідзяць мяне.
20 Абарані душу́ маю і вызвалі мяне. Ня дапусьці мне быць асаромленым, бо я ў Цябе шукаю прыпынку.
21 Хай захаваюць мяне нявіннасьць і справядлівасьць, бо я на Цябе спадзяюся.
22 Вызвалі, Божа, Ізраэля ад усіх уціскаў ягоных!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Псальмаў, псальм 25
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020