1 Дзякуйце Ягове, бо (Ён ёсьць) добры, бо Міласэрнасьць Ягоная трывае на ве́кі.
2 Хай сёньня скажа Ізраэль, што Ягоная Міласэрнасьць трывае на ве́кі.
3 Хай сёньня скажа дом Агарона, што Міласэрнасьць Ягоная трывае на ве́кі.
4 Хай скажуць сёньня, хто баіцца Яговы, што Міласэрнасьць Ягоная трывае на ве́кі.
5 З уціску паклікаў я Ягову, прасторам адказаў мне Ягова.
6 Ягова за мяне; я ня буду баяцца. Што зробіць мне чалавек?
7 Ягова за мяне сярод памагаючых мне. І я ўбачу (пагíбель) нянавідзячых мяне.
8 Лепш знайсьці прытулак у Яговы, чым спадзявацца на людзей.
9 Лепш знайсьці прытулак у Яговы, чым спадзявацца на князёў.
10 Усе пагане акружылі мяне, але Імем Яговы я адсек іх (ад мяне).
11 Яны абступілі мяне, сапраўды, акружылі мяне, але Імем Яговы я адсек іх (ад мяне).
12 Яны абселі мяне, як пчолы (соты), і згасьлі яны, як агонь у церне. Але Імем Яговы я адсек іх (ад мяне).
13 Моцна штурхну́лі мяне, каб я паваліўся. Але Ягова дапамог мне.
14 Ягова ёсьць сіла мая і песьня мая. І Ён стаўся мне выратава́ньнем.
15 Голас радасьці і выратаваньня ў палатках праведнікаў: Правіца Яговы робіць мужную і верную прыхільнасьць.
16 Правіца Яговы ўзвышана; Правіца Яговы робіць мужную і верную прыхільнасьць.
17 Я ня памру, але буду жыць і распавядаць пра Дзеі Яговы.
18 Моцна пакараў мяне Ягова, але сьмерці Ён мяне ня аддаў.
19 Адчыніце мне Брамы Праведнасьці: я ўвайду праз іх, вызнаю хвалу Ягове.
20 Гэта ёсьць Брама Яговы: праведнікі ўвойдуць празь яе.
21 Я буду выхваляць Цябе, бо Ты выслухаў мяне і стаўся паратункам маім.
22 Камень, Які адкінулі будаўнічыя, Ён стаўся Галавою вугла.
23 Ад Яговы сталася гэта, (і) гэта дзіўна ў вачах нашых.
24 Гэта ёсьць дзень, які ўчыніў Ягова. Давайце будзем радавацца і весяліцца ў ім.
25 О Ягова, ратуй сёньня! О Ягова, сёньня пашчасьці!
26 (Хай будзе) багаславёны Той, Хто ідзе ў Імя Яговы. Багаслаўляем вас з Дому Яговы.
27 Ягова ёсьць Бог, і Ён даў нам Сьвятло. Вяжыце сьвяточную ахвяру вяроўкамі да рагоў ахвярніка.
28 Ты мой Бог, і я буду Цябе славіць. Божа мой, я буду Цябе ўзвышаць.
29 Хваліце вы Ягову, бо (Ён ёсьць) добры. Бо Міласэрнасьць Ягоная (трывае) вечна.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Псальмаў, псальм 118
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020