Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

Псальмы 116 Псальм 116 (114; 115)

1 Я люблю (Ягову), бо Ягова пачуў голас мой, маленьні мае,
2 бо Ён нахіліў Вуха Сваё да мяне. Дык буду прыклікаць Яго ўва ўсе мае дні.
3 Путы сьмерці абхапілі мяне, і мукі пякельныя знайшлі мяне. Я знайшоў гора і бяду.
4 Але я прыклікаў Імя Яговы: «О, Ягова, дай душы маёй уцячы!»
5 Багадатны ёсьць Ягова і Праведны, і Бог наш спачувальны.
6 Ягова ёсьць Ахоўнік прастадушных. Я быў зьнямагаючым, але Ён выратаваў мяне.
7 Вярніся, душа мая, у спакой твой, бо Ягова зрабіў табе добрае.
8 Бо Ты вызваліў душу маю ад сьмерці, вочы мае — ад сьлёзаў, нагу маю — ад спатыканьня.
9 Я буду хадзіць перад Абліччам Яговы ў землях жывых.
10 Я веру, таму я гавару: «Я ёсьць вельмі прыніжаны».
11 Я сказаў у пасьпешлівасьці маёй: «Усе людзі ілгуць».
12 Як я аддзячу Ягове за ўсе Ягоныя дабрадзеі да мяне?
13 Я ўзьніму келіх збаўленьня, і я прыклічу Імя Яговы.
14 Абяцаньні мае я аддам Ягове перад усім народам Ягоным.
15 Дарагая ёсьць у Вачах Яговы сьмерць Ягоных сьвятых.
16 О Ягова! я слуга Твой. Я слуга Твой, сын Тваёй служанкі. Ты разамкнуў мае кайданы.
17 Я ахвярую Табе ахвяру ўдзячнасьці, і прыклікаю Імя Яговы.
18 Абяцаньні мае я аддам Ягове перад усім народам Ягоным,
19 у панадворках Дому Яговы, сярод цябе, Ярузаліме. Хваліце вы Ягову!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 116

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020