1 Кіраўніку хору, Ядутуну. Псальм Давідавы.
2 Я казаў: Пілнавацца буду сьцежкі маёй, каб не саграшыць мне языком маім! На вусны мае ўзьдзену вузду, пакуль бязбожнік перада мною.
3 Я быў нямы й безгалосны; аб добрым я навет маўчаў, але смутак мой узмацняўся.
4 Распалілася сэрца ў нутры ў маім; у думках маіх заняўся агонь; і пачаў я маім языком гаварыці.
5 Госпадзе, выяў Ты мне каанец мой, дзён маіх меру, дай мне даведацца, які будзе мой век!
6 Вось, на некалькі пядзяў зрабіў Ты даўгімі маі дні, і век мой — нішто прад Табою! Адно подмух ёсьць кожны чалавек. (Зэля)
7 Адно толькі, як здань, жыве чалавек; яны за нішто клапацяцца, прагавіта зьбіраюць ды самі ня ведаюць, каму дастанецца гэта.
8 Чаго-ж мне чакаць цяпер, Госпадзе? Уся надзея мая — на Цябе!
9 Выбаў мяне ад усіх праступкаў маіх; ня дай мне пасьмешышчам стацца для дурняў.
10 Я занямеў і вуснаў маіх не адчыняю, бо Ты зрабіў гэта.
11 Зьнімі з мяне кару Тваю; ад удараў рукі Тваёй я гібею.
12 Абвіненьнем за віну караеш Ты чалавека і робіш, што, як ад молі, хараство яго рассыпаецца. Але, толькі подмух ёсьць кожны чалавек! (Зэля)
13 Пачуй малітву маю, Госпадзе! І зважай на крык мой! Не маўчы на сьлёзы мае! Бо госьць я ў Цябе і праходжы, як і ўсе айцы мае.
14 Ня руш мяне, каб разьвесяліўся я перад тым, як зыйсьці, і больш ня будзе мяне!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 39

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.