Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Псальмы 145 Псальм 145 (144)

1 Давідава песьня хвалебная.
Вывышшаць Цябе буду, мой Божа й Цару, і імя Тваё славіць навекі!
2 Багаслаўляць Цябе буду штодня і імя Тваё на вякі вечныя.
3 Вялікі Госпад і годны хвалы, і веліч Яго — недасяжная.
4 Хай род роду хваліць творы Твае і магутнасьць Тваю абвяшчае.
5 Аб велічы сьветлае славы Тваёй хай гавораць яны; я-ж аб цудах Тваіх казаць буду.
6 Аб магутнасьці дзеяньняў страшных Тваіх хай гавораць яны; я-ж буду вялікія ўчынкі Тваі абвяшчаць.
7 Успаміны аб велічы дабраты Твае абвяшчаць яны будуць і песьнямі славіць справядлівасьць Тваю.
8 Госпад ласкавы і міласэрны, няскоры да гневу й ласкай вялікі.
9 Госпад добры да ўсіх, і літасьць Ягоная — панад усе Яго справы.
10 Няхай хваляць Цябе ўсе творы Тваі, і сьвятыя Тваі няхай славяць Цябе!
11 Хай аб славе Царства Твайго яны апавядаюць і магутнасьць Тваю абвяшчаюць,
12 каб даць вестку сыном чалавечым пра магутнасьць Яго й веліч славы Царства Ягонага.
13 Царства Тваё — царства ўсіх вякоў, і ўлада Твая — над усімі родамі.
14 Паддзержывае Госпад усіх, хто ўпадае, і падыймае ўсіх уцісьнёных.
15 Вочы ўсіх на Цябе ўзіраюцца, і Ты ім іх ежу даеш у свой час.
16 Ты расчыняеш руку Тваю і ўсё, што жыве, насычаеш паводле жаданьня.
17 Справядлівы Госпад на ўсіх шляхох Сваіх і ласкавы ў усіх Сваіх справах.
18 Госпад блізкі да ўсіх, што Яго прызываюць, да ўсіх, што Яго прызываюць у праўдзе.
19 Ён робіць паводле жаданьня тых, што баяцца Яго, і чуе іх плач і ратуе іх.
20 Госпад захоўвае ўсіх, што любяць Яго, але ўсіх бязбожных Ён выгубіць.
21 Хвалу Госпада будуць казаць мае вусны, і ўсякае дыханьне хай сьвятое імя Яго славіць навекі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 145

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.