1 Кіраўніку хору: на лад: Лань да сьвітаньня. Псальм Давідавы.
2 Божа мой, Божа мой! Чаму Ты пакінуў мяне — далёкі,ад помачы мне, ад словаў стагнаньня майго?
3 Божа мой! — уздыхаю я ўдзень, але Ты не адгукаешся, і ўначы, ды не знаходжу патолі.
4 Але Ты ўсёж ёсьць Сьвяты, Ты сідзіш панад слаўленьнем Ізраіля!
5 На Цябе спадзяваліся айцы нашыя, спадзяваліся, і Ты спасаў іх.
6 Да Цябе крычэлі яны і былі вызволены; на Цябе спадзяваліся, і не зазналі сораму.
7 Я-ж чарвяк, а не чалавек, зьняважаны людзьмі і пагарджаны народам.
8 Усе, што бачаць мяне, насьмяхаюцца нада мною, крывячы вусны ды ківаючы галовамі:
9 ён спадзяваўся на Госпада! Дык няхай спасае яго, няхай вызваляе яго, калі Яму любы!
10 Але-ж Ты дастаў мяне із улоньня матчынага, пры грудзёх маёй маткі ляжаў я бясьпечна.
11 На Цябе я пакінены ад чэрава маткі; ад улоньня маткі маёй Ты — мой Бог!
12 Ня стой воддаль ад мянё, бо блізка няшчасьце, і няма абаронцы!
13 Мяне абступаюць дужыя быкі, бугаі Базанскія абступаюць мяне.
14 Яны разявілі ляпы свае на мяне, быццам леў дзікі, што рыкае.
15 Я выліўся, быццам, вада, і ўсе мае косткі рассыпаліся; сэрца маё, быццам воск, растапілася ў нутры маім.
16 Дзясны мае павысахлі, быццам чарапок, язык мой прыліп да паднябеньня майго, і ў парахно сьмерці Ты кідаеш мяне.
17 Бо сабакі абступілі мяне, грамада злачынцаў аблягае мяне; пракалолі яны рукі й стопы мае.
18 Усё косткі мае можна-б налічыць; яны-ж глядзяць, быццам на відавішча ўглядаюцца.
19 Яны дзеляць вопратку маю паміж сабою і аб шаты мае кідаюць жэрабе.
20 Не аддаляйся-ж ад мяне Ты, Госпадзе! Сіла мая, пасьпяшы мне на ўспамогу!
21 Ад мяча вырві душу маю, з моцы сабак адзінокую маю.
22 Із ляпы львінае вызваль мяне і ад рагоў буйвалавых, учуўшы, спасі Ты мяне!
23 Дык апавядаціму братом маім імя Тваё, у грамадзе буду хваліці Цябе.
24 Вы, што баіцёся Госпада, выхваляйце Яго! Чці Яго, усё насеньне Якубавае, і бойся Яго, усё насеньне Ізраіля!
25 Бо Ён не адцураўся й не пагардзіў горам нешчасьлівага, ды не схаваў аблічча Свайго ад яго, але выслухаў яго, калі той крычэў да Яго.
26 Праз Цябе хвала мая ў вялікім зграмаджэньні; абяцаньне маё я споўню перад абліччам тых, што баяцца Яго.
27 Убогія будуць есьці й насыцяцца; хваліцімуць Госпада тыя, што шукаюць Яго; няхай сэрца вашае навекі жыве!
28 Усё межы зямлі схамянуцца й навернуцца да Госпада, і ніцма кінуцца перад Табою ўсе пляменьні паганаў.
29 Бо Госпада ёсьць царства, і Ён — Валадар над народамі.
30 Толькі прад Ім пахіляціся будуць усё тучныя зямлі; перад абліччам Ягоным суклоняцца ўсе, што ў пыл абяртаюцца й ня ў сілах жыцьцё сваё захаваці.
31 Насеньне-ж (маё) служыціме Госпаду й будзе Гасподнім звацца навекі.
32 Аб Госпадзе апавядацімуць пакаленьню, якое народзіцца, — і народу, што мае нарадзіцца, абвяшчаць будуць справядлівасьць Яго, што Ён, учыніў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 22

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.