Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Псальмы 103 Псальм 103 (102)

1 Псальм Давідавы.
Багаслаў, душа мая, Госпада, і ўсё нутро маё — імя Яго сьвятое!
2 Багаслаў, душа мая, Госпада і не забывайся аб тым, што Ён табе зрабіў!
3 Ён, Каторы дароўвуе табе ўсе грахі тваі, вылечвае ўсякую немач тваю,
4 Каторы жыцьцё тваё ад магілы спасае, ласкай і міласэрдзем вянчае цябе,
5 Каторы тваю старасьць дабром насычае, тваю моладасьць, як у арла, аднаўляе.
6 Справядлівасьць робіць Госпад і суд для ўсіх прыгнечаных.
7 Ён паказаў шляхі Свае Майсею, сыном Ізраілявым учынкі Сваі.
8 Міласэрны Госпад і добры, да гневу няскоры й шчодры на ласку.
9 Не назаўсёды Ён гневам палае і не навекі помніць ліхое.
10 Ня водле грахоў нашых нам Ён дае і не адплачвае па правіннасьцям нашым,
11 але, як высака неба над зямлёю, так вяліка ласка Яго дзеля тых, што баяцца Яго.
12 Як далёкі ад захаду ўсход, так далёка Ён нашы праступкі ад нас аддаліў.
13 Як літуецца бацька над дзяцьмі, гэтак Госпад літуецца над тымі, што баяцца Яго.
14 Бо ведае Ён, з чаго зьлеплены мы, памятае, што мы — толькі пыл.
15 Чалавек — як трава, яго дні; як краска ў полі, так ён цьвіце.
16 Праляціць подмух ветру, і няма ўжо яго, і ўжо месца ягонае не пазнае яго.
17 Але ласка Гасподня ад веку й да веку над тымі, што баяцца Яго, і справядлівасьць Ягоная над сынамі сыноў
18 тых, што хаваюць запавет Яго ды закон Яго памятаюць, каб спаўняці яго.
19 Госпад паставіў пасад Свой на нябёсах, і царства Ягонае над усім пануе.
20 Багаслаўце Госпада вы, Ангелы Яго, вы, волаты сільныя, што загады Яго выпаўняеце, пакорныя голасу слова Ягонага!
21 Багаслаўце Госпада ўсе войскі Ягоныя, слугі Яго, што волю Яго выпаўняеце!
22 Багаслаўце Госпада ўсе творы Ягоныя па ўсіх месцах валадарства Яго! Багаслаў Госпада ты, мая душа!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 103

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.