1 Кіраўніку хору: на лад: Не загубляй! Залаты псальм Давіда, калі ўцякаў ад Саула ў пячору.
2 Зьмілуйся нада мною, о Божа, зьмілуйся! Бо ў Цябе я шукаю патолі і ў цяню Тваіх крыльляў шукаць буду прыпынку, пакуль ня мінецца загуба.
3 Клічу да Бога Ўсявышняга, да Бога, што справу маю вядзе за мяне.
4 Ён з неба пашле і ўспаможа мяне; Ён тых асароміць, што хочуць мяне праглынуці; ласку Сваю пашлець Бог ды праўду Сваю.
5 Душа мая міжы львоў, я ляжу сярод тых, што палаюць агнём, сярод людзей, што зубы іх — дзіды і стрэлы, языкі-ж — мячы вострыя.
6 Узьнясіся над неба, о Божа, каб слава Твая па ўсенькай зямлі лунала.
7 Дзеля ног маіх сетку наставілі, прыгнялі яны душу маю,
8 прада мною яму капалі, ды самі ў яе ўваліліся. (Зэля)
9 Сэрца маё гатова, о Божа, маё сэрца гатова пяяці й іграці Табе.
10 Ачуняй, мая слава! Збудзіцеся, гусьлі мае і псалтыр! Я разбуджу сьвітаньне.
11 Буду славіць Цябе між народамі, Госпадзе, буду славіць Цябе між паганамі!
12 Бо аж да неба вялікая ласка Твая і праўда Твая да аблокаў.
13 Узьнясіся над неба, о Божа, каб слава Твая па ўсенькай зямлі лунала!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 57

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.