1 Малітва Давідавая. Выслухай, Госпадзе, справу справядлівага! Зваж на лямант мой! Прыймі маленьне маё із вуснаў нефальшывых!
2 Ад аблічча Твайго няхай выйдзе прысуд мой; вочы Твае бачаць, што справядліва.
3 Калі Ты выпрабовываеш сэрца маё, уначы адведываеш ды грунтоўна распазнаеш мяне, дык не знаходзіш ніякіх благіх думак у-ва мне, і вусны мае не грашаць.
4 У справах чалавечых, паводле слова вуснаў Тваіх, я высьцерагаўся шляхоў гнібіцеляў.
5 Крокі мае дзяржаліся каляінаў Тваіх; стопы мае ня хісталіся.
6 Да Цябе я гукаю, бо Ты, Божа, выслухаеш мяне; прыхілі да мяне вуха Тваё, пачуй словы мае!
7 Пакажы дзіўную ласку Тваю, бо Ты Збавіцель тых, што ў правіцы Тваёй шукаюць абароны ад ворагаў.
8 Захавай мяне, як зрэнку вока; у цяню крыльляў Тваіх укрый Ты мяне
9 ад бязбожнікаў, што гвалт учынілі нада мной, ад ворагаў маіх, што прагавіта абступілі мяне:
10 яны схаваліся ў туку сваім, вуснамі сваімі яны дзёрзкае гавораць.
11 На кожным кроку цяпер яны нас абступаюць; іх думкі шукаюць, каб нас да зямлі прыбіці.
12 Яны падобны да льва, што шукае дабычы, і да львянятка, што ў засадзе ляжыць.
13 Паўстань, Госпадзе! Выйдзі супраць іх, павалі Ты іх! Мячом Тваім ратуй жыцьцё маё ад бязбожніка,
14 ад людзей — Тваёй рукой, Госпадзе! — ад людзей сьвету, што толькі ў гэтым жыцьці надзею сваю пакладаюць, а чэрава іх Ты із скарбніцы Тваёй напаўняеш; многа сыноў яны маюць і лішак свой дзецям кідаюць сваім.
15 Я-ж за справядлівасьць маю ўбачу аблічча Тваё: збудзіўшыся, буду Тваім абразом насычацца.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 17

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.