1 Псальм Давідавы: напамінаньне аб субоце.
2 Госпадзе, ў гневе Тваім не засудзі Ты мяне! І ў ярасьці Тваёй мяне не карай Ты!
3 Бо стрэлы Твае пранізалі мяне, і рука Твая на мяне лягла.
4 Няма цэлага месца на целе маім ад гневу Твайго; ад грэху майго ў косьцях маіх нічога цэлага няма.
5 Бо праступкі мае вышэй галавы ўзьняліся; як бярэмя цяжкое яны прыгнятаюць мяне.
6 Сьмярдзяць, гнаяцца раны мае праз дурасьць маю.
7 Зусім я сагнуўся, скрывіўся; усе дні я хаджу ды сумую.
8 Бо крыжы мае паранены, няма цэлага месца на целе маім.
9 Зусім я зьнямогся й змарыўся бясконца; за льва, што рыкае, я стогну мацней.
10 Госпадзе, ўсенька жаданьне маё яўна перад Табою, дый уздыханьне маё ад Цябе ня ўкрыта.
11 Крэпка б’ецца сэрца маё; пакінула мяне сіла мая, і сьветласьць вачэй маіх — няма яе ў мяне.
12 Тыя, што любілі мяне, і прыяцелі мае ўцякаюць ад ранаў маіх, і радня мая воддаль стаіць ад мяне.
13 А тыя, што шукаюць душу маю, мне сеці стаўляюць; а тыя, што жадаюць няшчасьця майго, пра пагібель гавораць маю ды ўсьцяж разважаюць аб здрадзе.
14 Я-ж, быццам глухі, ня чую, і да нямога падобны, што вуснаў не расчыняе сваіх.
15 І стаўся я, як чалавек, што ня чуе, што ў вуснах ягоных няма апраўданьня.
16 Бо на Цябе спадзяюся я, Госпадзе; Ты пачуеш, Госпадзе, Божа Ты мой!
17 І кажу: Каб толькі яны не пацяшаліся нада мной! Калі пахіснулася стапа мая, яны крэпка пышацца пачалі прада мною.
18 Я блізкі ўпадку, і сум мой усьцяж прада мною.
19 Бо віну маю вызнаць я мушу, сумую дзеля грэху майго.
20 Няшчысьлёныя тыя, што бязьвінна мяне вінавацяць, і многа такіх, што бяз прычыны мяне ненавідзяць.
21 Злом за дабро мне плацяць яны; за тое варожа яны супраць мяне выступаюць, што я за добрым ганюся.
22 Не пакінь мяне, Госпад і Бог мой! Не адыходзь ад мяне Ты!
23 Пасьпяшы на ўспамогу мне Госпадзе, Спасе Ты мой!

Каментары ці зноскі:

* Зэля — гэта знак музычны, быццам сгеsсеndо; ён паказуе, што музыка, якая ціха падыгрывае, павінна зайграць мацней і адзначыць гэтым канец адрыўку, або заканчэньне песьні.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 38

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.