1 Кіроўцу хору, Ідытуму. Псальма Давідава.
2 Я сказаў: пільнавацьмуся дарогі сваёй, каб маім языком не грашыць; цугляцьму я вусны мае, пакуль бязбожны перада мною.
3 Я быў нямы і безгалосы і маўчаў нават пра добрае; і жальба мая памацнела,
4 запалілася сэрца маё ўва мне; у думках маіх загарэўся вагонь; я пачаў гаварыць языком маім;
5 скажы мне, Госпадзе, пра канец мой і лік дзён маіх, які ён, каб я ведаў, які мой век.
6 Вось, Ты далоняю вымераў дні мае, а век мой — як нішто прад Табою. Сапраўды, поўная марнасьць — кожны жывы чалавек.
7 Сапраўды, чалавек ходзіць, як прывід; і марны клопат яго, зьбірае і ня ведае, каму дастанецца гэта.
8 І сёньня чаго мне чакаць, Госпадзе? надзея мая на Цябе.
9 Ад усіх беззаконьняў маіх вызвалілі мяне, не аддавай мяне на паглум неразумным.
10 Я зрабіўся нямы, не растульваю вуснаў маіх, бо Ты ўчыніў гэта.
11 Ухілі ад мяне ўразы Твае; я зьнікаю ад удару пагібельнай рукі Тваёй.
12 Калі Ты дакорамі будзеш караць чалавека за злачынствы, рассыплецца, як ад молі, прывабнасьць ягоная. Так кожны чалавек — марны.
13 Пачуй, Госпадзе, малітву маю, і выслухай енкі мае, ня будзь бязуважны да сьлёз маіх, бо вандроўнік я ў Цябе і прыхадзень, як бацькі мае ўсе.
14 Адступі ад мяне, каб я мог умацавацца, перш чым адыду і ня будзе мяне.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псалтыр, 38 псальма

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002