1 Песьня. Псальма. Сыноў Карэевых. Кіроўцу хору на Махалат, для сьпяваньня. Вучэньне Этана Эзрахіта.
2 Госпадзе, Божа ратунку майго! удзень лямантую і ўначы прад Табою.
3 Хай дойдзе малітва мая прад аблічча Тваё; нахілі вуха Тваё да маленьня майго.
4 Бо душа мая насыцілася немарасьцямі, і жыцьцё маё наблізілася да апраметнай.
5 Я дараўнаўся да тых, што ў магілу сыходзяць; я стаў, як чалавек бязь сілы,
6 паміж мёртвымі кінуты, — як забітыя, што ляжаць у магіле, пра якіх Ты больш не ўспамінаеш і якія ад рукі Тваёй адкінутыя.
7 Ты паклаў мяне ў дол апраметны, у морак, у бездань.
8 Легла на мяне лютасьць Твая, і ўсімі хвалямі Тваімі Ты пабіў мяне.
9 Ты адвёў ад мяне знаёмых маіх, зрабіў мяне агідным для іх; я ўвязьнены і не магу выйсьці.
10 Вока маё ад гароты стамілася; цэлы дзень я клікаў Цябе, Госпадзе; працягваў рукі свае да Цябе.
11 Хіба над мёртвымі ўчыніш Ты цуд? Хіба мёртвыя ўстануць і будуць славіць Цябе?
12 Альбо ў магіле будзе абвяшчацца ласка Твая, і праўда Твая — у месцы тленьня?
13 Хіба ж у мораку спазнаюцца дзівосы Твае, і ў зямлі забыцьця — праўда Твая?
14 але я Цябе, Госпадзе, клічу, і рана раніцай малітва мая сустракае Цябе.
15 Навошта, Госпадзе, адкідаеш душу маю, хаваеш аблічча Тваё ад мяне?
16 Я няшчасны і парахнею зь дзяцінства; нясу жахі Твае, і зьнемагаю.
17 Над мною прайшла лютасьць Твая; страхоцьці Твае зламалі мяне,
18 кожны дзень абступаюць мяне, як вада: аблягаюць мяне ўсе разам.
19 Ты аддаліў ад мяне сябра і блізкага; знаёмых маіх ня відаць.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Псалтыр, 87 псальма
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002