1 Кіроўцу хору. Псальма Давідава.
2 На Цябе, Госпадзе, надзея мая, хай сораму вавек ня мецьму; па праўдзе Тваёй збаві мяне;
3 прыхілі да мяне вуха Тваё, пасьпяшайся збавіць мяне. Будзь мне каменнаю цьвярдыняю, прыстанішчам, каб уратаваць мяне,
4 бо Ты каменная гара мая і агароджа мая; дзеля імя Твайго вядзі мяне і кіруй мною.
5 Выведзі мяне зь сеткі, якую тайна раскінулі на мяне; бо Ты цьвярдыня мая.
6 У Тваю руку аддаю дух мой; Ты выбаўляў мяне, Госпадзе, Божа праўды.
7 Ненавіджу шаноўцаў марных ідалаў; а на Госпада надзея мая.
8 Буду радавацца і весяліцца ў міласьці Тваёй, бо Ты прыгледзеўся да бедства майго, уведаў гора душы маёй,
9 і не перадаў мяне ў рукі ворагаў; паставіў ногі мае на прасторным месцы.
10 Умілажалься зь мяне, Госпадзе, бо мне цесна; высахла з гора вока маё, душа мая і нутроба мая.
11 Вычарпалася ў скрусе жыцьцё маё і леты мае ў стагнотах; зьнемагла ад грахоў маіх сіла мая, і высахлі косткі мае.
12 Ад усіх маіх ворагаў стаўся я кляцьбою нават у суседзяў маіх і страшыдлам знаёмым маім; хто бачыць мяне на вуліцы, уцякае.
13 Я забыты ў сэрцах, як мёртвы; я — як посуд разьбіты,
14 бо чую ліхаслоўе многіх; адусюль жудасьць, калі яны змаўляюцца супраць мяне, намышляюць вырваць душу маю.
15 А я на Цябе, Госпадзе, спадзяюся; я кажу: Ты мой Бог.
16 У Тваёй руцэ дні мае; вызваль мяне ад рукі маіх ворагаў і ад тых, што гоняць мяне.
17 Пакажы сьветлае аблічча Тваё рабу Твайму; уратуй мяне літасьцю Тваёю.
18 Госпадзе! хай ня будзе мне сораму, што я Цябе заклікаю; а бязбожным хай будзе брыдка, хай прападуць у пекле.
19 Хай зьнямеюць вусны аблудныя, што гідоту гавораць на праведнага з пыхаю і пагардаю.
20 Як многа ў Цябе дабротаў, якія Ты прыхаваў тым, што баяцца Цябе, і якія Ты падрыхтаваў тым, што на Цябе спадзяюцца перад сынамі чалавечымі!
21 Ты хаваеш іх пад аслонай аблічча Твайго ад людзкіх бунтаў; хаваеш іх у зацішку ад ліхіх языкоў.
22 Дабраславёны Гасподзь, што ўчыніў мне дзівосны Свой мілажаль ва ўмацаваным горадзе!
23 У сумненьні маім я думаў: адхілены я ад вачэй Тваіх; але Ты пачуў голас малітвы маёй, калі я паклікаў Цябе.
24 Любеце Госпада, усе праведнікі Ягоныя; Гасподзь ахоўвае верных, а пагарднікам зь лішкам вяртае.
25 Будзьце мужныя, і хай мацуецца сэрца ваша, усе, хто надзею на Госпада мае!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псалтыр, 30 псальма

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002