1 Псальма Асафава. Божа! язычнікі прыйшлі ў спадчыну Тваю; апаганілі сьвяты храм Твой; Ерусалім ператварылі ў руіны;
2 трупы рабоў Тваіх аддалі на поед птушкам нябесным, целы сьвятых Тваіх зьвярам зямным;
3 пралілі кроў іхнюю, як ваду, вакол Ерусаліма, і ня было каму іх пахаваць.
4 Мы зрабіліся пасьмешышчам у суседзяў нашых, ганьбаю і сараматою тых, хто вакол нас.
5 Дакуль, Госпадзе, не перастанеш гневацца, будзе рэўнасьць Твая палаць, як вагонь?
6 Вылі гнеў Твой на народы, якія Цябе ня ведаюць, і на царствы, якія імя Твайго не заклікаюць,
7 бо яны пажэрлі Якава, і селішча ягонае спустошылі.
8 Не спамяні нам грахоў нашых продкаў; хай неўзабаве запабегнуць нас шчадроты Твае; бо мы зусім аслаблі.
9 Памажы нам, Божа, Збаўца наш, дзеля славы імя Твайго; вызвалі нас, і даруй нам грахі нашыя дзеля імя Твайго.
10 Навошта казаць язычнікам: «дзе Бог іхні?» Хай стане вядомая сярод язычнікаў перад вачыма нашымі помста за пралітую кроў рабоў Тваіх.
11 Хай прыйдзе прад аблічча Тваё стогн вязьня; магутнасьцю сілы Тваёй захавай асуджаных на сьмерць.
12 Сем разоў вярні суседзям нашым у нетры іхнія кляцьбу, якою яны Цябе, Госпадзе, пракліналі.
13 А мы, народ Твой і Тваёй пашы авечкі, вечна славіць будзем Цябе, і род у род узносіць славу Табе.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Псалтыр, 78 псальма
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002