1 Кіроўцу хору. На музычным інструмэньце Шушан-Эдут. Залатая псальма Давідава для навучаньня,
2 калі ён ваяваў зь Сірыяй Месапатамскай і зь Сірыяй Цаванскай, і калі Ёаў, вяртаючыся, перамог дванаццаць тысяч Ідумэяў у даліне Салянай.
3 Божа! Ты нас адкінуў, Ты паглуміў нас, угневаўся Ты; вярніся да нас,
4 Ты зямлю скалануў, разьбіў яе: загаі разломы яе, бо яна хістаецца.
5 Ты даў народу Твайму зьведаць жорсткае, напаіў нас віном зьдзіўленьня.
6 Дай сьцяг тым, хто баіцца Цябе, каб яны паднялі яго дзеля ісьціны,
7 каб вызваліліся аблюбенцы Твае; уратуй правіцай Тваёю, і пачуй мяне.
8 Бог сказаў у сьвятыні Сваёй: «перамагу, — падзялю Я Сіхем, і даліну Сукот абмераю;
9 Мой Галаад, Мой Манасія, Яфрэм крэпасьць Маёй галавы, Юда скіпетр Мой,
10 Мааў умывальная шаля Мая; на Эдом абуткам кіну Маім». Кліч мяне, зямля Філістымская!
11 Хто ўвядзе мяне ў горад умацаваны? Хто давядзе мяне да Эдома?
12 Ці ня Ты, Божа, Які нас адкінуў, і ня выходзіш, Божа, з войскам нашым?
13 Дай дапамогу нам ва ўціску, бо дапамога людзкая — марнота.
14 З Богам мы выявім сілу; Ён скіне ворагаў нашых.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Псалтыр, 59 псальма
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002