1 Кіроўцу хору. Псальма Давідава.
2 Цьвёрда я спадзяваўся на Госпада, і Ён да мяне прыхіліўся і крык мой пачуў;
3 падняў мяне са згубнага рова, з балоцістай багны, і паставіў на камені ногі мае, і ўмацаваў ступакі мае;
4 і даў новую песьню ў вусны мае — хвалу Богу нашаму. Убачаць многія і збаяцца, і будуць на Госпада спадзявацца.
5 Дабрашчасны той чалавек, які на Госпада надзею сваю кладзе і не зьвяртаецца да ганарыстых і да тых, што да няпраўды горнуцца.
6 Многа зрабіў Ты, Госпадзе Божа мой. Твае цуды і думкі Твае, толькі пра нас — няма Табе роўных! — хацеў бы я прапаведаваць і гаварыць, але ім ліку няма.
7 Ахвяры і прынашэньня Ты не схацеў; Ты адкрыў мне вушы; цэласпаленьня і ахвяры за грэх Ты не спатрабаваў.
8 Тады я сказаў: вось, іду; у зьвітку кніжным пра мяне напісана:
9 я хачу спраўдзіць волю Тваю, Божа мой, і закон Твой у сэрцы ў мяне.
10 Я абвяшчаў праўду Тваю на зборні вялікай; я не забараняў вуснам маім: Ты, Госпадзе, ведаеш.
11 Праўды Тваёй не хаваў у сэрцы маім, абвяшчаў вернасьць Тваю і выратаваньне Тваё, ня ўтойваў Тваёй ласкі і праўды Тваёй перад сходам вялікім.
12 Не запыняй, Госпадзе, шчадротаў Тваіх ад мяне; ласка Твая і праўда Твая хай няспынна ахоўваюць мяне,
13 бо няшчасьці мяне абступілі безьлічныя; беззаконьні мае дасягнулі мяне, так што і бачыць не магу; іх болей, чым валос на маёй галаве; сэрца маё пакінула мяне.
14 Удабраволься, Госпадзе, выбавіць мяне; Госпадзе! пасьпяшайся на дапамогу мне.
15 Хай пасаромяцца і хай паганьбаваныя будуць усе, што шукаюць згубы душы маёй! Няхай адхіснуцца назад і абсьмяяныя будуць, хто зычыць мне ліха!
16 Хай скамянеюць ад ганьбы тыя, што кажуць мне: добра! добра!
17 Хай радуюцца і весяляцца Табою ўсе, што шукаюць Цябе, і хто любіць збавеньне Тваё, хай кажуць увесь час: «вялікі Гасподзь!».
18 А я гаротны і ўбогі, але Гасподзь пра Мяне дбае. Ты — дапамога мая і Ратунак мой, Божа мой! не спазьніся!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псалтыр, 39 псальма

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002