Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Псальмаў 39 Псальм 39 (38)

1 Кіраўніку хору. Ідытун. Псальм Давідаў.
2 Я буду пільнаваць дарогі мае, каб не правініцца языком маім; пастаўлю я ахову вуснам маім, пакуль грэшнік стаіць перада мной.
3 Я знямеў у маўчанні і не гаварыў нават пра дабро, і пакута мая аднавілася.
4 Разгарэлася ўва мне сэрца маё; і ў роздумах маіх запалаў агонь.
5 Загаварыў я языком сваім: «О, Госпадзе, дай мне пазнаць канец свой і які лік дзён маіх, каб усвядоміць, наколькі кароткае жыццё маё».
6 Вось жа вызначыў Ты дні мае на некалькі корхаў, і прамежак жыцця майго — нішто прад Табою. Бо кожны чалавек — як суцэльная марнасць.
7 Бо быццам цень праходзіць чалавек. Бо марна мітусіцца ён; збірае скарб і не ведае, хто атрымае яго.
8 А цяпер чаго я чакаю, Госпадзе? Надзея мая — у Табе.
9 Вырві мяне ад усіх правіннасцей маіх, не выстаўляй мяне на пасмешышча неразумнаму.
10 Анямеў я і не адкрыю вуснаў маіх, бо Ты так учыніў.
11 Здымі з мяне пакаранне Тваё, гіну я ад удару рукі Тваёй.
12 Ушчуваннем за правіннасць пакараў Ты чалавека і ўчыніў так, што змарнелі, быццам ад молі, усе памкненні яго. Бо марнасць — кожны чалавек.
13 Выслухай маленне маё, Госпадзе, лямантаванне маё ўспрымі вушамі. Не будзь глухім да слёз маіх, бо я — прыхадзень у Цябе, вандроўнік, як усе продкі мае.
14 Адступі ад мяне, каб я перадыхнуў перад тым, як адыду і больш мяне не будзе.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 39

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017