Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Псальмаў 49 Псальм 49 (48)

1 Кіраўніку хору. Сыноў Корэ. Псальм.
2 Паслухайце пра гэта, усе народы, настаўце вушы, усе жыхары свету,
3 усе простыя людзі, як і вяльможы, разам, як адзін, — багаты і бедны.
4 Мае вусны выкажуць мудрасць, а развага сэрца майго — разважнасць.
5 Нахілю я вуха маё на прыпавесць, пры звоне псалтыры адкрыю маю загадку.
6 Чаго мне баяцца ў дні ліхія, калі несправядлівасць падступных акружыць мяне?
7 Яны ўпэўнены ў сваім магуцці і мноствам багацця свайго хваляцца.
8 Але ж сам сябе чалавек не адкупіць, не дасць ён Богу ахвяры адкуплення свайго.
9 Збаўленне душы яго вельмі каштоўнае, так што ніколі не хопіць,
10 каб хто дажыў да самага канца і не бачыў загубы.
11 Бо ўбачыць ён, што памруць мудрыя і аднолькава гінуць неразумны і дурань, пакідаючы свае багацці чужым людзям.
12 Магілы іх — дамы іх навечна, калі нават назавуць яны імёнамі сваімі свае землі.
13 І чалавек, калі ён у пашане, не век трывае ў ёй; прыпадобнены ён да быдла, якое прападае; і стаўся ён падобны да іх.
14 Такая дарога тых, у якіх спадзяванне на саміх сябе, і такі канец тых, якія сваёй гаворкай захапляюцца.
15 Як авечкі, і яны ў пекле кладуцца, смерць пасе іх; а справядлівыя гаспадараць над імі, хутка знікне іх воблік: апраметная — іх жытло.
16 Ды ўсё ж Бог адкупіць душу маю, з рук апраметнай сапраўды прыме мяне.
17 Не бойся, калі чалавек зробіцца багатым, калі памножана будзе заможнасць яго дома.
18 Бо калі памрэ ён, то нічога з сабой не забярэ, і яго заможнасць разам з ім не пойдзе.
19 Хаця супакойваў ён сам сябе пры жыцці ў душы сваёй: «Будуць хваліць цябе за тое,
20 што ты добра ўчыніў сабе», аднак пойдзе ён да роду бацькоў сваіх, якія ўжо ніколі не ўбачаць святла.
21 Чалавек, які жыве ў пашане і не разумее; прыпадобнены ён да быдла, якое прападае бясследна; і ёсць ён падобны да іх.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 49

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017