Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Псальмаў 104 Псальм 104 (103)

1 Дабраславі, душа мая, Госпада. Госпадзе Божа мой, Ты ўзвялічыўся надзвычайна! Апрануўся Ты ў велічнасць і аздобу,
2 Адзеты ў святло, быццам у шаты, расцягваючы неба, як ветразі,
3 Ты будуеш на водах святліцы Твае. Ты ўчыняеш воблака возам Сабе, Ты носішся на крылах ветру.
4 Ты творыш анёламі Тваімі духаў, і слугамі Тваімі — полымя агню.
5 Ты заснаваў зямлю на трывалую апору Сваю, не пахіліцца яна на векі вечныя.
6 Безданню, як шатамі, прыкрыў Ён яе, над гарамі стаялі воды.
7 Ад наракання Твайго ўцяклі яны, гучання грымотаў Тваіх палохаліся.
8 Падняліся яны на горы, і апалі ў лагчыны, на месца, якое Ты ім прызначыў.
9 Паклаў Ты ім канец, якога не пяройдуць і не вернуцца пакрыць зямлю.
10 Ты загадваеш крыніцам сплываць у ручаіны; пасярод гор праходзяць яны,
11 становяцца вадапоем усіх звяроў на полі, спатоляць аслы смагу сваю.
12 Каля іх пасяляюцца паднебныя птушкі, пасярод галін падаюць галасы свае.
13 Ты абвадняеш горы са святліц Тваіх, з плёну спраў Тваіх насычаеш зямлю.
14 Ты гадуеш траву для жывёлы і зеляніну на пажытак людзей, выводзячы хлеб з зямлі
15 і віно, якое развесяляе сэрца чалавека; Ты ажыўляеш аблічча алеем, а хлеб умацоўвае чалавечае сэрца.
16 Насыцяцца дрэвы Госпада і кедры лібанскія, якія Ён пасадзіў.
17 Там будуць гнездавацца вераб’і, хата бусла — на верхавіне іх.
18 Высокія горы для аленяў, скалы — прыбежышча для барсукоў.
19 Учыніў Ён месяц для вызначэння часу, сонца спазнала захад свой.
20 Ты рассцяліў цемру, і сталася ноч, у ёй будуць рухацца звяры лясныя:
21 ільвяняты, што рыкаюць, каб схапіць [здабычу] і просяць у Бога ежы сабе.
22 Уздымаецца сонца, і хаваюцца і залягаюць яны ў сваіх логавах.
23 Чалавек выходзіць да працы сваёй, і пры справе сваёй ён да самага вечара.
24 Як шмат створана Табой, Госпадзе! Усё з мудрасцю ўтварыў Ты, поўная зямля створанага Табой.
25 Вось мора вялікае, і прасторнае, і шырокае: там — гады, якім няма падліку, жывёлы маленькія побач з вялікімі;
26 там будуць плаваць караблі, Левіятан, якога Ты стварыў, каб гуляць з ім.
27 Усё гэта чакае Цябе, каб у свой час даў Ты ім ежу.
28 Калі Ты дасі ім, яны збяруць, калі раскрыеш Ты руку Тваю — яны напоўняцца дабротамі.
29 Калі ж Ты адвернеш аблічча Тваё, яны ўстрывожацца; адымеш дыханне ў іх, і яны загінуць, і абернуцца ў парахно сваё.
30 Калі пашлеш Духа Твайго — творацца, і аднаўляеш Ты выгляд зямлі.
31 Будзь хвала Госпаду на век, хай узвесяліцца Госпад з тварэнняў Сваіх.
32 Ён зірне на зямлю і яна дрыжыць, Ён дакранецца да гор — і яны дымяць.
33 Буду спяваць Госпаду пры жыцці маім, буду граць псальмы Богу майму, дакуль я ёсць.
34 Мілай хай будзе Яму прамова мая; сапраўды адчую асалоду ў Госпадзе.
35 Хай згінуць грэшнікі з зямлі, і несправядлівыя так, каб іх не было. Дабраславі, душа мая, Госпада.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 104

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017