Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Псальмаў 18 Псальм 18 (17)

1 Кіраўніку хору. Давіда, слугі Госпада, які прамовіў Госпаду словы гэтай песні, калі Госпад яго вызваліў ад моцы ўсіх ворагаў яго
2 і з-пад рукі Саўла. Сказаў ён так: «Люблю Цябе, Госпадзе, магутнасць мая.
3 Госпад — апірышча маё, і прыстанішча маё. Выратавальнік мой; Бог мой — памочнік мой, і я на Яго спадзяюся; абаронца мой і рог збаўлення майго і апякун мой.
4 Паклічу я Госпада, вартага хвалы, і буду збаўлены ад ворагаў маіх.
5 Агарнулі мяне хвалі смерці, і віры Бэліяла ўстрывожылі мяне.
6 Путы пякельныя аплялі мяне, смяротныя петлі душаць мяне.
7 У роспачы маёй клічу я Госпада, і Бога майго прызываю; пачуў Ён кліч мой з храма Свайго, і прызыў мой перад позіркам вачэй Яго ўвайшоў.
8 Здрыганулася і затрымцела зямля; зрушыліся і здрыгануліся падваліны гор, бо Ён запалаў гневам.
9 Узняўся дым з ноздраў Яго і агонь знішчальны з вуснаў Яго выйшаў; вуголле [агністае] пачало расцякацца з Яго.
10 Нахіліў Ён нябёсы, і сышоў, і змрок пад нагамі Яго.
11 І ўзняўся на херубіна, і паляцеў, нёсся на крылах вятроў.
12 І ахінуўся цемрай, як заслонай, пасярод яе — палатка Яго: цёмная вада, паветраныя хмары.
13 Перад бляскам позірку Яго праплывалі хмары, град і агністае вуголле.
14 І загрымеў на нябёсах Госпад, і Найвышэйшы даў пачуць голас Свой: град і агністае вуголле.
15 І пусціў Ён стрэлы Свае і рассыпаў іх, насыпаў маланак і ўстрывожыў іх.
16 І адкрыліся крыніцы вод, і адчыніліся падмуркі сусвету ад ушчування Твайго, Госпадзе, ад подыху гневу Твайго.
17 Даслаў Ён нарэшце [руку], і прыняў мяне, і выцягнуў мяне з водаў многіх;
18 вырваў мяне ў ворагаў маіх вельмі моцных і ў тых, што ненавідзяць мяне, бо яны ўзмацніліся лепш за мяне.
19 Яны напалі на мяне ў дзень смутку майго, і зрабіўся Госпад апораю маёю.
20 І вывеў мяне на прастор, збавіў мяне, бо пажадаў мяне.
21 І адплаці мне, Госпад, паводле праўды маёй і паводле чысціні рук маіх аддай мне.
22 Бо я пільнаваў шляхі Госпада і не адступаўся нягодна ад Бога майго.
23 Бо ўсе прысуды Яго перада мной, і ўсю праўду Яго не адрынуў я ад сябе.
24 І стаў я беззаганны з Ім і высцерагаўся злачыннасці.
25 І адплаціў мне Госпад паводле праўды маёй, і паводле чысціні рук маіх перад позіркам вачэй Яго.
26 Са святым Ты святы будзеш, і з чалавекам беззаганным беззаганны будзеш,
27 і з абраным абраным будзеш, і з заганным падступным будзеш.
28 Бо народ пакорлівы Ты збаўляеш, а вочы пыхлівых прынізіш.
29 Бо Ты, Госпадзе, запальваеш светач мой; Бог мой прасвятляе цемру маю.
30 Бо з Табою я пайду ў наступ на варожыя войскі і з Богам маім пераскочу праз мур.
31 Бог, бязгрэшны шлях Яго, словы Госпада выпрабаваны агнём; шчыт Ён усім тым, хто спадзяецца на Яго.
32 Бо хто ёсць Бог, апрача Госпада? Або якая крэпасць, апрача Бога нашага?
33 Бог, Які падперазаў мяне мужнасцю і ўладкаваў беззаганным шлях мой;
34 Які зрабіў ногі мае, як у аленя, і на вышыні паставіў мяне.
35 Які навучае рукі мае барацьбе, і нацягваюць медны лук плечы мае.
36 І даў Ты мне шчыт збаўлення Твайго, і правіца Твая падтрымала мяне, і Тваё выслухванне ўзвялічвае мяне.
37 Ты пашырыў крокі мае пада мною, і не знясілена ступня мая.
38 Я пераследаваў ворагаў маіх і хапаў іх, і не вяртаўся, пакуль яны не прападалі.
39 Я сцінаў іх, каб не маглі падняцца; яны падалі пад ногі мае.
40 І аперазаў Ты мяне мужнасцю для вайны, і тых, што паўсталі супраць мяне, кінуў пад мяне.
41 І ворагаў маіх прымусіў Ты да ўцёкаў і павынішчыў тых, што ненавідзяць мяне.
42 Яны клікалі, і не было таго, хто збавіў бы; да Госпада, і не выслухаў іх.
43 І расцярушыў іх, як пыл па ветры, як вулічны бруд, патаптаў я іх.
44 Выхапіў мяне ад бунту народа, паставіў мяне на чале плямёнаў. Народ, якога я не ведаў, служыць мне,
45 толькі вухам пачуўшы, слухаецца мяне. Сыны чужыя сталі забягаць перада мною.
46 Сыны чужыя саслабелі, дрыжаць у сховішчах сваіх.
47 Жыве Госпад, і дабраславёны Апякун мой, і хай узвысіцца Бог збаўлення майго!
48 Бог, Які помсціш за мяне і падпарадкоўваеш мне народы, выратавальнік мой ад ворагаў маіх раз’ятраных;
49 і над тымі, што паўсталі супраць мяне, Ты ўзвышаеш мяне, ад чалавека гвалтоўнага выхопліваеш мяне.
50 Дзеля таго будуць славіць Цябе, Госпадзе, паміж паганамі і імю Твайму прагавару псальм.
51 Узвялічыў у збаўленні цара Свайго і аказаў міласэрнасць намашчэнцу Твайму Давіду і нашчадкам яго навекі».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 18

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017