Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Псальмаў 91 Псальм 91 (90)

1 Хто жыве ў апецы Найвышэйшага і прабывае ў засені Усемагутнага,
2 кажа ён Госпаду: «Ты прыпынак мой і цвярдыня мая, Божа мой; я маю надзею на Яго».
3 Бо Ён Сам вызваліць цябе з пасткі паляўнічых, ад нягоднага слова.
4 Агорне Ён цябе Сваімі крыламі, і пад пер’ем Яго схаваешся; шчыт і заслона — праўда Яго.
5 Не будзеш баяцца жахаў начных, ані стралы, што ляціць удзень.
6 Ані заразы, што бадзяецца ў цемры, ані пошасці, што пустошыць апоўдні.
7 Хоць падзе пры баку тваім тысяча, а дзесяць тысяч праваруч, ты ўсцеражэшся.
8 Сапраўды, пабачыш на ўласныя вочы, і паглядзіш на адплату грэшнікам.
9 Бо Ты, Госпадзе, прыстанішча маё, учыніў ты Найвышэйшага паселішчам тваім.
10 Не падступіцца да цябе ліха і бізун не наблізіцца да палаткі тваёй,
11 бо загадаў Ён анёлам сваім наконт цябе, каб сцераглі цябе на ўсіх тваіх дарогах.
12 На руках будуць насіць цябе, каб часам не скалечыў аб камень нагі сваёй.
13 На змяю і яшчарку наступіш, ды растопчаш ільва і дракона.
14 Паколькі прытуліўся ён да Мяне, вызвалю яго; падтрымаю яго, бо спазнаў ён імя Маё.
15 Будзе клікаць мяне, і Я выслухаю яго, у бядзе Я разам з ім, вырву яго і ўслаўлю яго.
16 Напоўню яго доўгасцю дзён і пакажу яму збаўленне Маё.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 91

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017