Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Псальмаў 84 Псальм 84 (83)

1 Кіраўніку хору. Паводле «Выціскальняў». Сыноў Корэ. Псальм.
2 Якія ж мілыя паселішчы Твае, Госпадзе магуццяў!
3 Тужыць і рвецца душа мая ў палац Госпада, сэрца маё і цела маё ўзрадаваліся Богу жывому.
4 Нават верабей знаходзіць сабе дом і ластаўка гняздо сабе, каб уладкаваць птушанят сваіх: ахвярнікі Твае, Госпадзе магуццяў, Валадару мой і Божа мой!
5 Шчасныя тыя, што жывуць у доме Тваім: век будуць яны славіць Цябе.
6 Шчасны той чалавек, у якога ёсць успамога ад Цябе; размясціў ён у душы нябесныя шляхі:
7 Праходзячы сухой лагчынаю, яны робяць яе крыніцаю, бо ранні дождж дабраславеннем зросіць яе.
8 Пойдуць яны з сілы ў сілу, убачыцца [імі] Бог багоў на Сіёне.
9 Госпадзе, Божа магуццяў, выслухай малітву маю; прыхіні вуха, Божа Якубаў.
10 Глянь, Божа, наш абаронца, ды глянь на аблічча намашчэнца Твайго!
11 Бо мілейшы адзін дзень у палатцы Тваёй за тысячу! Хачу лепш стаяць на парозе дома Бога майго, чым жыць у палатках грэшнікаў.
12 Бо Госпад Бог ёсць сонца і шчыт; ласку і славу дасць Госпад; Ён не забярэ дабра ў тых, што жывуць у бязвіннасці.
13 Госпадзе магуццяў, шчасны той чалавек, які ўскладае надзею на Цябе!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 84

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017