1 Кіраўніку хору: на лад: Не загубляй! Песьня Давіда, калі Саул паслаў пілнаваць яго дом, каб яго забіць.
2 Ад ворагаў маіх вызваль мяне, мой Божа! Пастаў мяне на высакосьці, дзе буду бясьпечны ад праціўнікаў.
3 Вызваль мянё ад злачынцаў ды памажы проці тых, што прагнуць крыві.
4 Бо вось яны сочаць мяне; гуртуюцца волаты супраць мяне, ды не за праступак ці грэх мой, о Госпадзе!
5 Бяз ніякай віны маёй яны зьбягаюцца й зброяцца. Паўстань на ўспамогу Ты мне й паглядзі!
6 Узьніміся Ты, Госпадзе, нябесных сіл Божа, Божа Ізраіля, каб усіх пакараці паганаў! Ніводнага не пашкадуй із тых здраднікаў і беззаконьнікаў! (Зэля)
7 Што-вечар яны варачаюцца, выюць, быццам сабакі, і места абходзяць яны навакол.
8 Вось, яны вырыгаюць атруту, у іх вуснах — мячы, бо — хто гэта чуе?
9 Але Ты, Госпадзе, з іх пасьмяешся, Ты асароміш усіх паганаў!
10 Цьвярдыня мая! Аб Табе пяяць буду, бо Госпад — Цьвярдыня мая!
11 Бог мой ласкай сустрэне мяне; над ворагам Бог мне усьцешыцца дасьць.
12 Не забівай іх, каб мой народ не забыўсяі Расьцяруш іх сілай Тваёй і адкінь іх, наш Госпад і шчыт!
13 Словы языка іх — гэта грэх іхніх вуснаў. Няхай злоўлены будуць у пысе сваёй за праклёны й ілжу, што гавораць яны.
14 Зьніштож іх у ярасьці, зьніштож, каб больш ня было іх, каб людзі пазналі, што Бог над Якубам пануе да узьмежкаў зямлі!
15 І што-вечар яны варачаюцца, выюць, быццам сабакі, і места абходзяць яны навакол.
16 Бадзяюцца, ежы шукаючы; калі-ж не насыцяцца, яны бурчаць.
17 А я буду пяяці аб сіле Тваёй і што-раніцы славіць ласку Тваю. Бо Ты мне ў нядолі Цьвярдыняю быў і Прыпынкам.
18 Сіла мая! Аб Табе я буду пяяці, бо Госпад — Цьвярдыня мая, Бог мой ласкавы!

Каментары ці зноскі:

* Зэля — гэта знак музычны, быццам сгеsсеndо; ён паказуе, што музыка, якая ціха падыгрывае, павінна зайграць мацней і адзначыць гэтым канец адрыўку, або заканчэньне песьні.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 59

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.