1 Кіраўніку хору із сыноў Карэявых: на аламот. Песьня.
2 Бог нам прыпынак і сіла, магутная ў бядзе ўспамога.
3 Дык не спалохаемся, хоць-бы зямля захісталася і горы ў сэрца мора зваліліся.
4 Хоць-бы раўлі й уздымаліся воды ягоныя, хоць-бы ад шалу ягонага горы трасьліся: з намі Госпад сілаў нябесных, крэпасьць наша — Бог Якубавы. (Зэля)
5 Патокі рачныя ўзьвесяляюць Божае места, сьвятую сялібу Найвышэйшага.
6 Бог пасярод яго, дык не захістаецца; Бог вызваліць яго, як настане раніца.
7 Зварухнуліся народы, захісталіся царствы; Ён падаў голас Свой, і зямля растапілася.
8 Госпад сілаў (нябесных) з намі, крэпасьць наша — Бог Якубавы. (Зэля)
9 Хадзеце ды паўзірайцеся на дзела Госпада: якое спусташэньне зрабіў Ён на зямлі,
10 Госпад, што войны спыняе ажно па край зямлі, ламае лукі й рагатыны рассякае, ды паліць агнём вазы.
11 Спынецеся ды пазнайце, што Я — Бог! Узвышаны Я між народамі, узвышаны на зямлі!
12 Госпад сілаў з намі, крэпасьць наша — Бог Якубавы! (Зэля)

Каментары ці зноскі:

* Зэля — гэта знак музычны, быццам сгеsсеndо; ён паказуе, што музыка, якая ціха падыгрывае, павінна зайграць мацней і адзначыць гэтым канец адрыўку, або заканчэньне песьні.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 46

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.