1 Кіраўніку хору: псальм Давідавы.
2 У Цябе, Госпадзе, я шукаю падпоры, ня дай мне асароміцца навекі, паводле справядлівасьці Тваёй спасі Ты мяне!
3 Прыхілі да мяне Тваё вуха, пасьпяшыся выбавіць мяне! Будзь мне скалой, замчышчам крэпкім, каб даць мне ўспамогу!
4 Бо Ты — скала мая й замчышча маё, і дзеля іменьня Твайго вадзіць мяне будзеш і мной кіраваці.
5 Ты мяне выцягнеш з сеці, што ўкрадкам наставілі мне, бо Ты — абарона мая.
6 У рукі Твае аддаю я дух мой; Ты збавіў мяне, Госпадзе, Божа праўдзівы!
7 Ненавіджу я тых, што чтуць ідалаў марных: я-ж спадзяюся на Госпада!
8 Дай мне радавацца й весяліцца з ласкі Тваёй, што Ты глянуў на муку маю, рупіўся аб патрэбы душы маёй.
9 Ты ня даў мяне ў рукі ворага, паставіў стопы мае на вольны прастор.
10 Зьлітуйся нада мною, Госпадзе, бо жах мяне ахапляе. Ад суму высахла вока маё і душа мая і цела маё.
11 Бо ў жудасьці зыйшло жыцьцё маё і гады мае ў уздыханьні. Зьнямаглася сіла мая ў грахох маіх, і павысахлі косткі мае.
12 Пасьмешышчам стаўся я для перасьледавацеляў маіх ды навет для суседзяў маіх, страхацьцём для знаёмых маіх: хто мяне бачыць на вуліцы, уцякае ад мяне.
13 Забыты я ў сэрцах, як мёртвы; я падобны да начыньня разьбітага.
14 Чуў я словы нягодныя ад многіх, — жах наўкола! — як змаўляліся між сабою проці мяне, манючыся адняць мне жыцьцё.
15 Ды я на Цябе спадзяюся, Госпадзе! Я кажу: Ты мой Бог!
16 У Тваіх руках мае дні; вызваль мяне із рук ворагаў маіх і перасьледавацеляў маіх!
17 Няхай над рабом Тваім сьвеціць аблічча Тваё: памажы мне праз ласкавасьць Тваю!
18 Госпадзе, ня дай Ты мне асароміцца, бо да Цябе я гукаю! Няхай бязбожнікі асаромяцца, няхай счэзнуць у пекле,
19 няхай занямеюць вусны ілжывыя, што ў пысе й з пагардай дзёрзка проці пабожных гавораць!
20 Як вяліка дабрата Твая, шго хаваеш Ты для тых, хто баіцца Цябе, і паказуеш тым, хто ратунку шукае ў Цябе, перад абліччам людзей!
21 Пад заслонай аблічча Твайго Ты бароніш іх ад бунтаў людзкіх, хаваеш іх, як у палатцы, ад языкоў сварлівых.
22 Багаслаўлены Госпад, што мне дзіўную ласку зьявіў у ўмацованым месцы!
23 А я-ж думаў у страху маім: я адкінены ад вачэй Тваіх! Але Ты пачуў галоснае маленьне маё, калі я крычаў да Цябе!
24 Любеце Госпада, усе сьвятыя Яго! Верных бароне Госпад, але тым, што ў гордасьці жывуць, адплачвае Ён з наддаткам.
25 Будзьце мужны і крэпкія духам — усе, што чакаеце на Госпада!

Каментары ці зноскі:

* Зэля — гэта знак музычны, быццам сгеsсеndо; ён паказуе, што музыка, якая ціха падыгрывае, павінна зайграць мацней і адзначыць гэтым канец адрыўку, або заканчэньне песьні.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 31

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.