1 Псальм Давідавы.
Да Цябе, Госпадзе, гукаю я. Скала мая, не маўчы па мой кліч, каб праз маўчаньне Тваё ня быў я падобны да тых, што зыходзяць у магілу.
2 Пачуй Ты маленьне маё галоснае, калі крычу да Цябе, калі рукі свае да сьвятыні Тваёй узьнімаю.
3 Не загубі мяне разам з бязбожнікамі ды злачынцамі, што з бліжнімі ветліва гутараць, а ў душы ліхое маюць!
4 Дай ім паводле ўчынкаў іхніх і злачынства іх; паводле таго, што рабілі іх рукі, дай ім; адплаці ім за тое, што зрабілі яны.
5 Бо яны не зважаюць на ўчынкі Госпада і на творы рук Ягоных. Дык Ён зруйнуе іх і не адбудуе.
6 Няхай будзе Госпад пахвалены, бо пачуў маленьне маё галоснае!
7 Госпад — заслона мая і мой шчыт; на Яго спадзявалася сэрца маё, і Ён успамог мяне; і ўзрадавалася сэрца маё, і песьняй маёю дзякаваць буду Яму.
8 Госпад — апора народу Свайму; Ён — вал, што бароніць памазанца Ягонага.
9 Спасі люд Твой і багаславі ўласнасьць Тваю; пасі яго й насі аж навекі!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 28

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.