Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Псальмы 115 Псальм 115 (113:9−26)

1 Ня нам, Госпадзе, ня нам, але іменьню Твайму дай Ты славу — дзеля ласкі Тваёй, дэеля праўды Тваёй!
2 Чаму паганам казаць; Дзе-ж іх Бог?
3 А Бог наш на небе; усё, што схоча, Ён зробіць.
4 Іх богі — срэбра ды золата, творы рук чалавечых.
5 Маюць вусны, ды не гавораць; маюць вочы й ня бачаць;
6 маюць вушы й ня чуюць, маюць ноздры, ды нюху няма ў іх;
7 рукі ў іх, ды бяз вошчупу; ногі ў іх, ды ня ходзяць; і голасу горлам сваім не даюць.
8 Падобны да іх будуць тыя, што іх робяць, ды ўсе, што на іх спадзяюцца.
9 Ізраілю! Ты спадзявайся на Госпада: Ён нам і помач і шчыт наш!
10 Доме Ааронавы, спадзявайся на Госпада: Ён наша помач і шчыт наш!
11 Вы, што Госпада баіцёся, спадзявайцеся на Госпада: Ён наша помач і шчыт наш!
12 Госпад успомніў нас: багаслаўляць Ён будзе, багаслаўляць дом Ізраіля, багаслаўляць дом Ааронавы,
13 багаслаўляць будзе тых, што баяцца Госпада, разам малых і вялікіх.
14 Размножыць вас Госпад, вас і вашых дзяцей.
15 Багаслаўлены вы Госпадам, што неба стварыў і зямлю.
16 Неба ёсьць неба Гасподняе, зямлю-ж Ён людзям аддаў.
17 Ня мёртвыя Госпада хваляць, ня ўсе тыя, што ў край маўчаньня зыходзяць,
18 але мы хваліць будзем Госпада, ад сяньня й навекі. Альлілуя!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 115

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.