1 Кіраўніку хору. Псалом Давіда. Песьня.
2 Табе, Божа, належыцца гімн у Сыёне, і Табе дадуць абяцаньне ў Ерусаліме.
3 Выслухай малітву маю: усякае цела прыйдзе да Цябе.
4 Словы беззаконных асілілі нас, Ты ж ачысьці бясчынствы нашыя.
5 Шчасьлівы той, каго Ты выбраў і прыняў: ён будзе жыць у харомах Тваіх. Мы напоўнімся дабротамі дому Твайго: сьвяты храм Твой,
6 дзівосны ў справядлівасьці. Выслухай нас, Божа, Збаўца наш, надзея ўсіх канцоў зямлі і тых, што далёка на моры, —
7 Ты, што, падпярэзаны магутнасьцю, утвараеш горы сілаю Тваёю,
8 утаймоўваеш глыбіню мора, шум хваляў яго! Народы сумеюцца,
9 і ад знакаў Тваіх устрывожацца тыя, што жывуць на межах. Зыходы раніцы і вечару Ты ўзьвесяліш.
10 Ты наведаў зямлю і напаіў яе, напоўніў яе багацьцем: рака Божая напоўнілася водамі. Ты прыгатаваў ім спажыву, бо такі вось спосаб прыгатаваньня яе:
11 напаі дажджом яе барозны, павяліч яе ўраджай — кроплям яго яна, зарунеўшы, узрадуецца;
12 паблаславіш вянец году дабрыні Тваёй, і палі Твае напоўняцца дабром.
13 Расьцьвіце краса пустыні, і ўзгоркі падпярэжуцца радасьцю.
14 Бараны атараў авечых апрануцца ў воўну, а нізіны пакрыюцца збажыною. Усе будуць усклікаць і нават пяяць песьні хвалы.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Псалтыр Давіда, псальм 64
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.