1 Псалом Давіда, сыном Янадававым і першым палоненым. На Цябе, Госпадзе, я ўсклаў надзею, хай не пасаромеюся давеку.
2 У справядлівасьці Тваёй уратуй мяне і вызвалі мяне, нахілі вуха Тваё да мяне і збаў мяне.
3 Будзь мне Богам заступнікам і месцам умацаваным, каб збавіць мяне, бо Ты цьвярдыня мая і прытулак мой.
4 Божа мой, выбаў мяне ад рукі грэшніка, ад рукі беззаконьніка і крыўдзіцеля,
5 бо Ты, Госпадзе, спадзяваньне маё: Ты, Госпадзе, надзея мая з маладосьці маёй!
6 На Цябе абапёрся я ад улоньня, ад нутра маці маёй Ты мой апякун: пра Цябе хвалебная песьня мая ўвесь час.
7 Я стаў нейкім дзівам для многіх, але Ты крэпкі памочнік мой.
8 Хай мае вусны напоўняцца хвалою, каб мне апяваць славу Тваю, увесь дзень — веліч Тваю.
9 Не адкінь мяне ў час старасьці, не пакінь мяне, калі пачне зьнікаць сіла мая.
10 Бо ворагі мае казалі мне, і тыя, што сачылі за душой маёй, раіліся між сабою, кажучы:
11 «Бог пакінуў яго, даганяйце і хапайце яго, бо няма, хто ратаваў бы яго».
12 Божа мой, не аддаляйся ад мяне; Божа мой, сьпяшайся мне на дапамогу!
13 Хай сумеюцца і згінуць тыя, што ўзводзяць паклёп на душу маю; хай пакрыюцца сорамам і ганьбаю тыя, што жадаюць мне зла.
14 А я буду заўжды спадзявацца на Цябе і памнажаць над усё хвалу Тваю.
15 Вусны мае будуць абвяшчаць Тваю справядлівасьць, увесь дзень — збаўленьне Тваё, хоць я не спазнаў кніжнай навукі.
16 Увайду ў сіле Гасподняй; прыгадаю, Госпадзе, праведнасьць Цябе адзінага.
17 Ты, Божа, навучаў мяне ў маладосьці маёй, і я дагэтуль апавядаю пра цуды Твае.
18 І да старасьці, і да веку пажылага, Божа мой, не пакідай мяне, пакуль не зраблю вядомай усяму наступнаму пакаленьню моц пляча Твайго,
19 магутнасьць Тваю і справядлівасьць Тваю аж да найвышэйшых велічных рэчаў, якія Ты стварыў. Хто, Божа, падобны да Цябе?
20 Якія вялікія і лютыя беды явіў Ты мне! Але, павярнуўшыся, Ты ажывіў мяне і з прадоньня зямлі зноў вывеў мяне.
21 Ты памножыў на мне веліч Тваю, і, павярнуўшыся, суцешыў мяне, і зноў вывеў мяне з прадоньня зямлі.
22 І таму буду дзякаваць Табе, на музычнай прыладзе буду славіць праўду Тваю, Божа; на гусьлях буду апяваць Цябе, Сьвяты Ізраіля.
23 Вусны мае ўзрадуюцца, калі буду сьпяваць Табе, і душа мая, якую Ты вызваліў.
24 Таксама і язык мой будзе ўвесь дзень разважаць аб Тваёй справядлівасьці, калі сумеюцца і асаромяцца тыя, што жадаюць мне зла.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псалтыр Давіда, псальм 70

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.