1 Псалом Давіда, калі парадкавалі ягоную зямлю. Госпад пануе: хай радуецца зямля, хай цешацца астравы шматлікія.
2 Хмара і цемра вакол Яго, справядлівасьць і суд — аснова пасаду Яго.
3 Агонь пойдзе перад Ім і спаліць навокал ворагаў Яго.
4 Маланкі Яго асьвятлілі сусьвет, зямля ўбачыла і захісталася.
5 Горы расталі, быццам воск, ад твару Госпада, ад твару Госпада ўсёй зямлі.
6 Нябёсы абвясьцілі справядлівасьць Яго, і ўсе людзі ўбачылі славу Яго.
7 Хай асаромяцца ўсе, што пакланяюцца балванам і хваляцца ідаламі сваімі. Пакланіцеся Яму, усе анёлы Яго!
8 Сыён пачуў і ўзрадаваўся, і дочкі Юды ўсьцешыліся з судоў Тваіх, Госпадзе.
9 Бо Ты — Госпад Усявышні над усёй зямлёю, Ты вельмі ўзвышаесься над усімі багамі.
10 Вы, што любіце Госпада, ненавідзьце зло! Госпад ахоўвае душы праведных сваіх, з рукі грэшнікаў вызваліць іх.
11 Сьвятло зазьзяла для праведніка і радасьць для праведных сэрцам.
12 Радуйцеся, праведныя, у Госпадзе і праслаўляйце памяць сьвятасьці Яго!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псалтыр Давіда, псальм 96

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.