1 Кіраўніку хору. Псалом Давіда,
2 калі прыйшоў да яго прарок Натан, пасьля таго, як Давід сышоўся з Баршэбай.
3 Зьмілуйся нада мною, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці і паводле мноства дабротаў Тваіх загладзь беззаконьне маё.
4 Асабліва абмый мяне ад беззаконьня майго і ад граху майго ачысьці мяне.
5 Бо беззаконьне маё я ведаю і грэх мой заўжды перада мною.
6 Табе адзінаму я зграшыў і зло перад Табою ўчыніў, так што Ты апраўданы ў словах Тваіх і пераможаш, калі давядзецца судзіцца Табе.
7 Вось, я быў зачаты ў беззаконьнях, і ў грахах нарадзіла мяне маці мая.
8 Але Ты, які палюбіў праўду, паказаў мне глыбіню і тайны мудрасьці Тваёй.
9 Акропіш мяне гісопам, і стану чысты, абмыеш мяне, і стану бялейшы за сьнег.
10 Дасі мне пачуць радасьць і вясельле, узрадуюцца ўпакораныя косьці.
11 Адвярні твар Твой ад грахоў маіх і загладзь усе беззаконьні мае.
12 Сэрца чыстае ствары ўва мне, Божа, і дух правы абнаві ў нутры маім.
13 Не адкінь мяне ад Твайго аблічча і духу Твайго сьвятога не адымі ад мяне.
14 Вярні мне радасьць Твайго збаўленьня і духам уладарным умацуй мяне.
15 Буду навучаць беззаконьнікаў шляхоў Тваіх, і бязбожныя навернуцца да Цябе.
16 Вызвалі мяне ад крыві пралітай, Божа, Божа майго збаўленьня: язык мой будзе радасна славіць Тваю справядлівасьць.
17 Адчыніш вусны мае, Госпадзе, і вусны мае пачнуць абвяшчаць хвалу Тваю.
18 Калі б Ты захацеў ахвяры, я даў бы яе: цэлапаленьні Табе не даспадобы.
19 Ахвяра Богу — дух скрушлівы: сэрцам скрушлівым і пакорным Бог не пагардзіць.
20 Ашчасьліў, Госпадзе, у спагадлівасьці Тваёй Сыён, і хай муры Ерусаліму будуць зноў узьнесеныя.
21 Тады глянеш прыхільна на правую ахвяру, прынашэньне і цэлапаленьне: тады ўскладуць цялят на Твой ахвярнік.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Псалтыр Давіда, псальм 50
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.