Псалтыр 50 псалом
Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Аляксандара Надсана
Кіроўцу хору. Псальма Давідава,
Кіраўніку хору. Псалом Давіда,
калі да яго прыходзіў прарок Натан пасьля таго, як Давід увайшоў да Вірсавіі.
калі прыйшоў да яго прарок Натан, пасьля таго, як Давід сышоўся з Баршэбай.
Зьлітуйся, Божа, зь мяне ў вялікай ласцы Тваёй, і ў мностве шчадротаў Тваіх загладзь беззаконьні мае!
Зьмілуйся нада мною, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці і паводле мноства дабротаў Тваіх загладзь беззаконьне маё.
Адмый мяне шматкроць ад беззаконьня майго, і ад грэху майго ачысьці мяне:
Асабліва абмый мяне ад беззаконьня майго і ад граху майго ачысьці мяне.
бо беззаконьне маё я ўсьведамляю, і грэх мой заўсёды перада мною.
Бо беззаконьне маё я ведаю і грэх мой заўжды перада мною.
Табе, Табе аднаму я зграшыў і прад вачыма Тваімі благое ўчыніў: таму справядлівы Ты будзеш у прысудзе Тваім, і чысты ў судзе Тваім.
Табе адзінаму я зграшыў і зло перад Табою ўчыніў, так што Ты апраўданы ў словах Тваіх і пераможаш, калі давядзецца судзіцца Табе.
Вось, я ў беззаконьні зачаты, і ў грэху маці мая нарадзіла мяне.
Вось, я быў зачаты ў беззаконьнях, і ў грахах нарадзіла мяне маці мая.
Вось, палюбіў Ты праўду ў сэрцы і ўліў у мяне тайную мудрасьць.
Але Ты, які палюбіў праўду, паказаў мне глыбіню і тайны мудрасьці Тваёй.
Акрапі мяне ісопам, і ачышчуся: абмый мяне, і бялей за сьнег адбялюся.
Акропіш мяне гісопам, і стану чысты, абмыеш мяне, і стану бялейшы за сьнег.
Дай мне ўцеху пачуць і радасьць, і ўзрадуюцца косьці, Табою паламаныя.
Дасі мне пачуць радасьць і вясельле, узрадуюцца ўпакораныя косьці.
Адвярні аблічча Тваё ад грахоў маіх і загладзь усе беззаконьні мае.
Адвярні твар Твой ад грахоў маіх і загладзь усе беззаконьні мае.
Чыстае сэрца ўмацуй ува мне, Божа, і дух справядлівы аднаві ўва мне.
Сэрца чыстае ствары ўва мне, Божа, і дух правы абнаві ў нутры маім.
Не адкінь мяне ад аблічча Твайго і Духа Твайго Сьвятога не адбірай у мяне.
Не адкінь мяне ад Твайго аблічча і духу Твайго сьвятога не адымі ад мяне.
Вярні мне радасьць збавеньня Твайго, і Духам Уладным мяне падтрымай.
Вярні мне радасьць Твайго збаўленьня і духам уладарным умацуй мяне.
Я навучу беззаконцаў дарогам Тваім, і бязбожныя да Цябе навернуцца.
Буду навучаць беззаконьнікаў шляхоў Тваіх, і бязбожныя навернуцца да Цябе.
Вызваль мяне ад крывавасьці, Божа, Божа ратунку майго; і язык мой уславіць праўду Тваю.
Вызвалі мяне ад крыві пралітай, Божа, Божа майго збаўленьня: язык мой будзе радасна славіць Тваю справядлівасьць.
Госпадзе! адкрый вусны мае, і вусны мае прагалосяць славу Табе:
Адчыніш вусны мае, Госпадзе, і вусны мае пачнуць абвяшчаць хвалу Тваю.
бо калі б ахвяры Ты пажадаў, я даў бы яе; цэласпаленьне Табе не падабаецца.
Калі б Ты захацеў ахвяры, я даў бы яе: цэлапаленьні Табе не даспадобы.
Ахвяра Богу — дух упакораны; сэрца ўпакоранае і зьміранае Бог ня зьнішчае.
Ахвяра Богу — дух скрушлівы: сэрцам скрушлівым і пакорным Бог не пагардзіць.
Ушчасьліві, Госпадзе, добрай воляй Тваёю Сіён, і хай паўстануць муры Ерусалімскія.
Ашчасьліў, Госпадзе, у спагадлівасьці Тваёй Сыён, і хай муры Ерусаліму будуць зноў узьнесеныя.
Тады ўпадабаеш Ты ахвяру праўды, прынашэньні і цэласпаленьні; тады пакладуць на алтар Твой цялят.
Тады глянеш прыхільна на правую ахвяру, прынашэньне і цэлапаленьне: тады ўскладуць цялят на Твой ахвярнік.