Псалтыр 76 псалом
Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Аляксандара Надсана
Кіроўцу хору Ідутумавага. Псальма Асафава.
Кіраўніку хору Ідыфума. Псалом Асафа.
Голас мой да Бога, і я буду клікаць; голас мой да Бога, і Ён пачуе мяне.
Голасам маім я ўсклікнуў да Госпада, голасам маім — да Бога, і Ён пачуў мяне.
У дзень скрухі маёй шукаю Госпада; рука мая працягнута ўначы, і не апускаецца; душа мая ня хоча суцешанай быць.
Я шукаў Бога ў дзень смутку майго — рукамі маімі ўначы перад Ім — і не ашукваў сябе: адмовілася ад суцяшэньня душа мая.
Пра Бога згадваю, і дрыжу; разважаю, і зьнемагае мой дух.
Прыгадваў я Бога і цешыўся; пачынаў разважаць, і маладушнічаў дух мой.
Ты не даеш мне вачэй маіх зьмежыць; я ашаломлены, і не магу гаварыць.
Апярэджвалі начныя старожы вочы мае, я быў устрывожаны і не гаварыў.
Разважаю пра даўнія дні, пра гады пракаветныя;
Я думаў пра даўнія дні, і ўспамінаў старыя гады, і намагаўся зразумець;
узгадваю песьні мае начныя, гутару з сэрцам маім, і выпрабоўвае дух мой:
разважаў уначы ў сэрцы маім, і дух мой пытаўся:
няўжо назаўсёды адкінуў, Гасподзь, і ня будзе больш дабраволіць?
«Ці ж Госпад адкіне навекі і ня будзе больш спагадаць?
няўжо назаўсёды міласьць Яго перастала быць, і спынілася слова Ягонае з роду ў род?
Ці назаўсёды спыніць міласьць сваю? Ці ўжо споўніў слова, дадзенае з пакаленьня ў пакаленьне?
няўжо Бог забыўся мілаваць? няўжо ў гневе спыніў шчадроты Свае?
Ці ж Бог забудзецца пра міласэрнасьць? Або ў гневе ўстрымае міласьць сваю?»
І сказаў я: вось гора маё — перамена правіцы Ўсявышняга.
І я сказаў: «Цяпер я пачаў разумець: гэта зьмена правіцы Усявышняга».
Буду ўспамінаць пра дзеі Гасподнія! буду ўспамінаць пра даўнія цуды Твае.
Я прыгадаў учынкі Госпада; насамрэч прыгадаю цуды Твае ад пачатку,
Буду ў кожны Твой чын заглыбляцца, разважаць пра вялікія дзеі Твае.
і буду разважаць аб усіх учынках Тваіх, і апавядаць пра дзеяньні Твае.
Божа! сьвятая дарога Твая. Які Бог такі вялікі, як Бог наш!
Божа, у сьвятасьці дарога Твая! Які бог роўны веліччу Богу нашаму?
Ты — Бог, Які творыць цуды; Ты паказаў магутнасьць Сваю сярод народаў;
Ты — Бог, які чыніш цуды, сярод народаў явіў Ты сілу Тваю.
Ты вызваліў народ Твой рукою сыноў Якава і Язэпа.
Ты выбавіў плячом Тваім народ Твой, сыноў Якуба і Язэпа.
Бачылі Цябе, Божа, воды, бачылі Цябе воды, і напалохаліся, і скалануліся бездані.
Воды ўбачылі Цябе, Божа, воды ўбачылі і спалохаліся, ускалыхнуліся бездані.
Аблокі вылівалі воды, хмары аддавалі гром, і лёталі стрэлы Твае.
Вялікі шум вады, хмары далі голас свой, бо паляцелі стрэлы Твае.
Голас грому Твайго ў коле нябесным; маланкі асьвятлялі сьвет; зямля трэслася і скаланалася.
Голас грому Твайго навокал, маланкі Твае асьвятлілі сусьвет, захісталася і затрэслася зямля.
Шлях Твой у моры, і сьцежка Твая ў водах вялікіх, і сьляды Твае невядомыя.
Праз мора шляхі Твае, і сьцежкі Твае праз вялікія воды, і нязьведанымі застануцца сьляды Твае.
Як статак, вёў Ты народ Твой рукою Майсея і Аарона.
Як авечкі, Ты вёў народ Твой рукою Майсея і Аарона.