Псалтыр 21 псалом
Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Аляксандара Надсана
Кіроўцу хору. На золку. Псальма Давідава.
Кіраўніку хору. На досьвітку. Псалом Давіда.
Божа мой! Божа мой! нашто Ты пакінуў мяне? Далёкія словы крыку майго ад ратунку майго.
Божа, Божа мой, пачуй мяне, чаму Ты мяне пакінуў? Далёка ад збаўленьня майго словы грэхападзеньняў маіх.
Божа мой! я клічу ўдзень — і Ты не аказваешся, уначы — і няма мне супакаеньня.
Божа мой, я буду клікаць удзень, і Ты не пачуеш, і ўночы — і гэта не бяздумнасьць для мяне.
Але Ты, Сьвяты, жывеш сярод пахвалаў Ізраіля.
Ты ж у сьвятыні прабываеш, Хвала Ізраіля!
На Цябе спадзяваліся нашы бацькі; спадзяваліся, і Ты вызваляў іх,
На Цябе спадзяваліся айцы нашыя: спадзяваліся, і Ты выратаваў іх;
да Цябе заклікалі яны, і былі ратаваныя; на Цябе спадзяваліся, і ня былі пасаромленыя.
клікалі Цябе і былі збаўленыя; на Цябе спадзяваліся і не былі пасаромленыя.
А я чарвяк, а не чалавек, зьнявага ў людзей і пагарда ў народзе.
Я ж — чарвяк, а не чалавек, прадмет кпінаў сярод людзей і ў пагардзе ў народзе.
Усе, хто бачыць мяне, клянуць мяне; кажуць вуснамі, галавою ківаюць:
Насьміхаліся з мяне ўсе, што бачылі мяне, гаварылі вуснамі, ківалі галовамі:
«ён спадзяваўся на Госпада; хай вызваліць яго, хай уратуе, калі ён даспадобы Яму».
«Спадзяваўся на Госпада, дык хай Ён збавіць яго, хай выратуе, калі любіць яго».
Але Ты вывеў мяне з улоньня матчынага; уклаў у мяне надзею каля грудзей маці маёй.
Бо Ты мяне вывеў з улоньня, ад грудзей маці маёй Ты надзея мая.
Табе я даручаны ад нараджэньня; ад улоньня маці маёй Ты — мой Бог.
Ад улоньня я адданы Табе, ад нутра маці маёй Ты Бог мой.
Не адыходзь ад мяне, бо блізіцца скруха, а памочніка няма.
Не адыходзь ад мяне, бо пакуты блізка, бо няма нікога, хто дапамог бы.
Многа цялят абступілі мяне, тлустыя Васанскія акружылі мяне;
Многія цяляты акружылі мяне, укормленыя быкі мяне абступілі.
разьзявілі пашчу сваю на мяне, як леў, які прагне здабычы і рыкае.
Разявілі на мяне свае пашчы, быццам леў, што хапае і рыкае.
Я разьліўся, нібы вада; усе косткі мае рассыпаліся; сэрца маё, быццам воск, зрабілася, растала ў нутрыне маёй.
Разьліўся я, як вада, і рассыпаліся ўсе косьці мае, сэрца маё стала, быццам воск, што мякчэе ў нутры маім.
Моц мая высахла, як чарапок; язык мой прыліп да гартані маёй, і Ты зьвёў мяне ў пыл сьмяротны.
Як аскепак, высахла сіла мая, язык мой да горла майго прыліп, і Ты зьвёў мяне ў пыл сьмяротны.
Бо сабакі мяне атачылі, хэўра злыдняў мяне абступіла, прабілі рукі мае і ногі мае;
Бо многія сабакі акружылі мяне, зграя злачынцаў абступіла мяне; яны прабілі рукі і ногі мае;
можна было палічыць усе косткі мае, а яны дзівяцца, робяць зь мяне відовішча,
усе косьці мае палічылі, а самі прыглядаліся і насьміхаліся з мяне.
дзеляць рызы мае між сабою; і за адзежу маю кідаюць жэрабя.
Падзялілі між сабою вопратку маю і аб адзеньні маім кідалі жэрабя.
Але Ты, Госпадзе, не адыходзь ад мяне; сіла мая! пасьпяшайся мне на дапамогу;
Ты ж, Госпадзе, не аддаляй дапамогі Тваёй ад мяне: сьпяшайся мне на ратунак.
душу маю аслані ад меча і ад сабак самотную маю;
Выратуй ад мяча душу маю і ад сабачай лапы адзіную маю;
уратуй мяне ад ільвінае пашчы і ад рагоў аднарогаў, пачуўшы, выратуй мяне.
выбаў мяне ад пашчы льва і ад рогаў аднарогаў пакорнасьць маю.
Буду абвяшчаць імя Тваё братам маім, славіць буду Цябе на сходзе.
Абвяшчу братам маім імя Тваё, сярод сходу буду ў песьнях славіць Цябе.
Вы, што баіцеся Госпада! Усхвалеце Яго. Увесь род Якаваў! праславі Яго. Хай баіцца Яго ўвесь род Ізраілеў!
Вы, што баіцеся Госпада, хваліце Яго! Усё семя Якуба, слаўце Яго! Хай усё семя Ізраіля баіцца Яго,
Бо Ён не пагрэбаваў скрухаю спрагненага і не адцураўся яе, і ня ўхіліў ад яго аблічча Свайго, а пачуў яго, калі той паклікаў Яго.
бо Ён не пагардзіў малітвай убогага, і не разгневаўся, і не адвярнуў твару свайго ад мяне, і, калі я клікаў Яго, пачуў мяне.
Табе хвала мая на сходзе вялікім; спраўджу свае абяцаньні перад тымі, хто баіцца Яго.
Ад Цябе пахвала мая: на вялікім сходзе буду дзякаваць Табе. Споўню абяцаньні мае перад тымі, што баяцца Яго.
Хай ядуць бедныя і насычаюцца; хай уславяць Госпада тыя, што шукаюць Яго; хай жывуць сэрцы вашыя векапомна!
Бедныя будуць есьці і насыцяцца, і будуць хваліць Госпада тыя, што шукаюць Яго: сэрцы іх жыць будуць на вякі вечныя.
Схамянуцца і да Госпада вернуцца ўсе канцы зямлі, і схіляцца прад Табою ўсе плямёны язычнікаў,
Успомняць і навернуцца да Госпада ўсе канцы зямлі, і паклоняцца Яму ўсе плямёны людзкія,
бо Гасподняе ёсьць царства, і Ён — Уладар над народамі.
бо Гасподняе валадарства, і Ён пануе над народамі.
Будуць есьці і пакланяцца ўсе сытыя на зямлі; схіляцца прад Ім усе, што сыходзяць у тло і ня могуць захаваць жыцьця свайго.
Усе сытыя на зямлі елі і пакланіліся. Перад Ім падуць ніц усе, што зыходзяць у зямлю, і душа мая жыве для Яго.
І нашчадкі служыцьмуць Яму, і будуць звацца Гасподнімі вечна,
І семя маё будзе служыць Яму. Будзе вядомы Госпаду прышлы род,
прыйдуць і абвяшчацьмуць праўду Ягоную людзям, якія народзяцца, якіх стварыў Гасподзь.
і абвесьцяць справядлівасьць Яго народу, што мае нарадзіцца, што яго Госпад стварыў.