Псалтыр 144 псалом
Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Аляксандара Надсана
Хвала Давідава. Хваліць буду Цябе, Божа мой, Цару мой, і дабраслаўляць імя Тваё векі вечныя.
Хвала Давіда. Буду ўзьвялічваць Цябе, Божа мой, Уладару мой, і буду бласлаўляць імя Тваё вечна і на век вякоў.
Кожны дзень дабраслаўляць буду Цябе і хваліць імя Тваё векі вечныя.
Кожны дзень буду бласлаўляць Цябе і славіць імя Тваё на век і на век вякоў.
Вялікі Гасподзь і праслаўлены вельмі, і веліч Ягоная недасьледная.
Вялікі Госпад і вельмі праслаўлены, і няма межы велічы Яго.
Род у род будзе хваліць дзеі Твае і абвяшчаць магутнасьць Тваю.
Пакаленьне за пакаленьнем будуць славіць творы Твае і магутнасьць Тваю абвяшчаць.
А я буду разважаць пра высокую славу велічы Твайго і пра дзівосных дзеі Твае.
Будуць яны казаць пра пышнасьць славы сьвятасьці Тваёй і пра цуды Твае расказваць;
Буду казаць пра моц страшных дзеяў Тваіх, і я буду абвяшчаць веліч Тваю.
і скажуць пра моц страшных учынкаў Тваіх, і ведамай зробяць веліч Тваю,
Будуць абвяшчаць памяць вялікай даброці Тваёй і распавядацьмуць праўду Тваю.
прыгадаюць мноства доказаў дабрыні Тваёй, справядлівасьці Тваёй узрадуюцца.
Шчодры і міласэрны Гасподзь, вельмі цярплівы і вельмі мілажальны.
Госпад спагадлівы і ласкавы, доўгацярплівы і шматміласэрны.
Добры Гасподзь да ўсіх, і шчадроты Ягоныя на ўсіх дзеях Ягоных.
Госпад добры для ўсіх, і спагада Яго на ўсіх творах Яго.
Хай славяць Цябе, Госпадзе, усе дзеі Твае, і хай дабраслаўляюць Цябе сьвятыя Твае;
Хай усе творы Твае, Госпадзе, славяць Цябе, і сьвятыя Твае хай бласлаўляюць Цябе.
хай прапаведуюць славу царства Твайго і распавядаюць пра магутнасьць Тваю,
Будуць яны казаць пра славу Твайго валадарства і апавядаць пра магутнасьць Тваю,
каб перадаць сынам чалавечым пра моц Тваю і пра слаўную веліч царства Твайго.
каб зрабіць вядомай сынам людзкім сілу Тваю і хвалу велічы Твайго валадарства.
Царства Тваё — царства ўсіх вякоў, і валадарства Тваё — ва ўсе роды.
Валадарства Тваё — валадарства ўсіх вякоў, і панаваньне Тваё ва ўсякім родзе і родзе. Госпад верны ва ўсіх словах сваіх і сьвяты ва ўсіх творах сваіх.
Гасподзь падтрымлівае ўсіх, хто падае, і падымае ўсіх, хто ўпаў.
Госпад падтрымлівае ўсіх, што падаюць, і падымае ўсіх паваленых.
Вочы ўсіх спадзяюцца на Цябе, і Ты даеш ім ежу сваім часам;
Вочы ўсіх да Цябе зьвяртаюцца з надзеяю, і Ты даеш ім страву ў свой час,
адкрываеш руку Тваю і корміш усіх жывых па добрай волі.
адкрываеш руку Тваю і напаўняеш усё жывое задавальненьнем.
Праведны Гасподзь на ўсіх дарогах Сваіх і добры ва ўсіх дзеях Сваіх.
Госпад справядлівы на ўсіх шляхах сваіх і сьвяты ва ўсіх учынках сваіх.
Блізкі Гасподзь да ўсіх, хто кліча Яго, да ўсіх, хто кліча Яго ў праўдзе.
Госпад блізкі да тых, што клічуць Яго — да ўсіх, што клічуць Яго шчыра.
Жаданьне тых, што баяцца Яго, Ён выконвае, скаргі іхнія чуе, і ратуе іх.
Ён споўніць жаданьне тых, што баяцца Яго, і выслухае малітву іх, і збавіць іх.
Асланяе Гасподзь усіх, хто любіць Яго, а ўсіх бязбожных зьнішчае.
Госпад ахоўвае ўсіх, што любяць Яго, а ўсіх грэшнікаў выгубіць.
Вусны мае вымавяць хвалу Гасподнюю, і хай дабраслаўляе ўсякае цела сьвятое імя Ягонае вечна.
Вусны мае будуць абвяшчаць хвалу Гасподнюю, і ўсякае цела хай бласлаўляе імя сьвятое Яго на век і на век вякоў.