Псалтыр 35 псалом
Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Аляксандара Надсана
Кіроўцу хору. Раба Гасподняга Давіда.
Кіраўніку хору. Слугі Гасподняга Давіда.
Грэшнасьць бязбожніка гаворыць у сэрцы маім: няма страху Божага перад вачыма ягонымі,
Беззаконьнік кажа сам сабе — можна грашыць: няма страху Божага перад вачыма яго,
бо ягоныя вочы лісьлівяць яму, быццам шукаюць віну, каб зьненавідзець яе;
бо ён схітрыў перад сабою, быццам знайшоў беззаконьне сваё і ўзьненавідзеў яго.
словы з вуснаў ягоных — няпраўда і хітрына; ня хоча ён быць мудрым, каб рабіць дабро.
Словы вуснаў яго — беззаконьне і хітрасьць: ён не хацеў зразумець патрэбы рабіць дабро,
Несправядлівасьць намышляе ён на пасьцелі сваёй, на благі становіцца шлях, ня грэбуе злом.
разважаў пра беззаконьне на пасьцелі сваёй, стаяў на кожным нядобрым шляху, ня грэбаваў злом.
Госпадзе! ласка Твая да нябёсаў, праўда Твая пад хмары!
Госпадзе, міласэрнасьць Твая на небе, а праўда Твая — аж да хмараў.
Праўда Твая — як горы Божыя, і суды Твае — бездань вялікая! Людзей і быдла захоўваеш Ты, Госпадзе!
Справядлівасьць Твая — як горы Божыя; суды Твае — бездань вялікая; Ты, Госпадзе, выратуеш людзей і жывёлу.
Якая каштоўная ласка Твая, Божа! Сынам чалавечым у цені крылаў Тваіх спакойна;
Як памножыў Ты міласьць Тваю, Божа! А сыны людзкія на покрыва крылаў Тваіх спадзявацца будуць.
наядаюцца сытасьцю дома Твайго, і з плыні слодычаў Тваіх Ты выпойваеш іх,
Яны натоляцца дастаткам дому Твайго, і Ты напоіш іх ручаём слодычаў Тваіх.
бо ў Табе крыніца жыцьця; у сьвятле Тваім мы бачым сьвятло.
Бо ў Табе крыніца жыцьця, і ў сьвятле Тваім убачым сьвятло.
Пашыры ласку Тваю на тых, што Цябе ведаюць, і праўду Тваю на людзей, шчырых сэрцам,
Прадоўж міласьць Тваю для тых, што пазналі Цябе, і справядлівасьць Тваю для праведных сэрцам.
хай не наступіць на мяне нага гардзеі, і рука грэшніка хай не прагоніць мяне.
Хай нага ганарлівасьці не падыдзе да мяне, і рука грэшніка хай не пахісьне мяне.
Там упалі беззаконьнікі, скінутыя, і ня могуць устаць.
Вось упалі ўсе, што чынілі беззаконьне: іх выкінулі, і яны ня змогуць устаць.