Псалтыр 113 псалом

Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Аляксандара Надсана

 
 

Алілуя. Калі выйшаў Ізраіль зь Егіпта, дом Якава — з народу іншапляменнага,
 
Алілуя! Калі Ізраіль выйшаў з Ягіпту, дом Якуба з-паміж народу чужога,

Юда зрабіўся сьвятыняю Ягонаю, Ізраіль — валоданьнем Ягоным.
 
Юдэя стала сьвятыняй яго, Ізраіль — яго ўдзелам.

Мора ўгледзела, і пабегла; Ярдан павярнуўся назад.
 
Мора ўбачыла і ўцякло, Ярдан пацёк назад;

Горы скакалі, як бараны, і пагоркі, як ягняткі.
 
горы заскакалі, як бараны, а ўзгоркі — быццам ягняты.

Што з табою, мора, чаго ты пабегла, і з табою, Ярдане, чаго павярнуўся назад?
 
Што з табой, мора, што ты ўцякло, і з табой, Ярдан, што пацёк назад?

Чаго вы скачаце, горы, як бараны, і вы, пагоркі, як ягняткі?
 
Што з вамі, горы, што заскакалі як бараны, а ўзгоркі — быццам ягняты?

Прад абліччам Госпада дрыжы, зямля, прад абліччам Бога Якава,
 
Ад твару Госпада ўскалыхнулася зямля, ад твару Бога Якубавага,

Які ператварае скалу ў возера вады і камень — у крыніцу вады.
 
які перамяняе скалу ў азёры, поўныя вады, а крэмень — у водныя крыніцы.

Ня нам, Госпадзе, ня нам, а імю Твайму дай славу, дзеля ласкі Тваёй, дзеля праўды Тваёй.
 
Ня нам, Госпадзе, ня нам, але імю Твайму дай славу ў міласэрнасьці Тваёй і праўдзе Тваёй,

Навошта язычнікі кажуць: дзе ж іхні Бог?
 
хай ніколі ня скажуць пагане: «Дзе Бог іх?»

Бог наш на небе і на зямлі; творыць усё, што хоча.
 
А Бог наш на небе і на зямлі: усё, што захацеў, стварыў Ён.

А іхнія ідалы — срэбра і золата, творы рук чалавечых.
 
Ідалы паганаў — срэбра і золата, творы рук людзкіх:

Ёсьць у іх вусны, але не гавораць; ёсьць у іх вочы, але ня бачаць;
 
вусны маюць і не загавораць; вочы маюць і ня ўбачаць;

ёсьць у іх вушы, але ня чуюць; ёсьць у іх ноздры, але нюху няма;
 
вушы маюць і не пачуюць; нос маюць і не адчуюць паху;

ёсьць у іх рукі, але не адчуваюць; ёсьць у іх ногі, але ня ходзяць; і яны гукаў не выдабываюць з горла свайго.
 
рукі маюць і не дакрануцца; ногі маюць і ня пройдуцца; не займеюць голасу ў горле сваім.

Няхай будуць да іх падобныя тыя, што іх робяць, і ўсе, хто на іх спадзяецца.
 
Хай стануць падобнымі да іх тыя, што іх робяць, і ўсе, што спадзяюцца на іх.

Доме Ізраілеў! спадзявайся на Госпада; Ён — нам дапамога і шчыт.
 
Дом Ізраіля спадзяваўся на Госпада: Ён іх памочнік і абаронца.

Доме Ааронаў! спадзявайся на Госпада; Ён — нам дапамога і шчыт.
 
Дом Аарона спадзяваўся на Госпада: Ён іх памочнік і абаронца.

Хто баіцца Госпада! спадзявайся на Госпада; Ён — нам дапамога і шчыт.
 
Усе, што баяцца Госпада, спадзяваліся на Госпада: Ён іх памочнік і абаронца.

Гасподзь нас памятае, дабраслаўляе нас, дабраслаўляе Ізраілеў дом, дабраслаўляе Ааронаў дом;
 
Госпад, згадаўшы пра нас, блаславіў нас: Ён блаславіў дом Ізраіля, блаславіў дом Аарона,

дабраслаўляе тых, што баяцца Госпада, малых і вялікіх.
 
блаславіў тых, што баяцца Госпада, — малых разам з вялікімі.

Няхай дадасьць вам Гасподзь болей і болей, вам і дзецям вашым,
 
Хай Госпад памножыць блаславеньне на вас, на вас і на сынах вашых.

дабраславёныя вы Госпадам, Які стварыў неба і зямлю.
 
Блаславёныя вы ў Госпадзе, які стварыў неба і зямлю.

Неба — неба Госпаду, а зямлю Ён даў сынам чалавечым.
 
Неба нябёсаў — Госпаду, а зямлю даў Ён сынам людзкім.

Ня мёртвыя ўславяць Госпада, ні ўсё, што ў магілу сыходзіць,
 
Ня мёртвыя будуць хваліць Цябе, Госпадзе, і ня тыя ўсе, што зыходзяць у апраметную,

а мы жывыя дабраслаўляцьмем Госпада ад сёньня і давеку. Алілуя.
 
але мы, жывыя, будзем бласлаўляць Госпада цяпер і давеку.