Псалтыр 54 псалом

Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Аляксандара Надсана

 
 

Кіроўцу хору. На струнных інструмэнтах. Вучэньне Давідава.
 
Кіраўніку хору. Навука Давіда ў песьнях.

Пачуй, Божа, малітву маю, і ад маленьня майго не хавайся;
 
Пачуй, Божа, малітву маю і не пагардзі просьбаю маёю;

уваж мне і пачуй мяне; я стагну ў гароце маёй і бянтэжуся
 
будзь уважлівы да мяне і выслухай мяне. Зажурыўся я ў марнаслоўі маім

ад крыку варожага, ад уціску бязбожнага; бо яны мне накідаюць беззаконьне і ў гневе супроць мяне варагуюць.
 
і ўстрывожыўся ад голасу ворага і ад уціску грэшніка. Бо яны ўзвалілі на мяне беззаконьне і ў злосьці напалі на мяне.

Сэрца маё трапеча ўва мне і сьмяротныя страхі мяне ахапілі;
 
Сэрца маё ўва мне ўстрывожылася, і боязь сьмерці пала на мяне.

страх і жудасьць мяне агарнулі, і вусьцішна мне.
 
Страх і трапятаньне прыйшлі на мяне, і цемра пакрыла мяне.

І сказаў я: «Хто даў бы мне крылы, як у голуба? Я паляцеў бы і супакоіўся;
 
І сказаў я: «Хто дасьць мне крылы, як у голуба, і палячу, і супачыну».

далёка заляцеў бы, і ў пустыні застаўся б;
 
Вось я ўцёк далёка і пасяліўся ў пустыні,

пасьпяшаўся б схавацца ад буры й віхуры».
 
чакаў Бога, які выратуе мяне ад маладушнасьці і ад буры.

Разладзь, Госпадзе, і падзялі языкі іхнія, бо я гвалт і нязгоду ў горадзе бачу;
 
Скінь іх, Госпадзе, і разьдзялі языкі іх, бо я бачыў беззаконьне і разлад у горадзе.

удзень і ўначы яны ходзяць навокал па ягоных мурах; зладзействы і бедствы ў ім;
 
Дзень і ноч будуць яны хадзіць вакол яго па мурах яго, а ўнутры яго беззаконьне, гвалт і няправеднасьць,

сярод яго згуба; ашука і подступ ня сыходзяць з вуліц ягоных:
 
і ліхва, і падман не зыходзяць з плошчаў яго.

бо ня вораг мяне кляне, — гэта я ператрываў бы; не ненавісьнік мой узьвялічваецца нада мною — ад яго я схаваўся б;
 
Бо калі б мяне зьневажаў вораг, я сьцярпеў бы; і калі б той, хто ненавідзіць мяне, пышыўся перада мною, я схаваўся б ад яго.

а ты, хто быў мне тым, што і сам я сабе, сябар мой і паплечнік мой,
 
Але ты, чалавеча аднадумны, праваднік мой і знаёмы мой,

з кім мы шчырыя гутаркі мелі і разам хадзілі ў дом Божы.
 
які рабіў салодкім мне супольнае застольле: у згодзе мы хадзілі ў дом Божы!

Хай іх сьмерць ня міне; хай сыдуць яны жывыя ў пекла; бо злачынства ў сялібах іхніх, у іхнім сэрцы,
 
Хай прыйдзе сьмерць на іх і хай зыдуць жывымі ў апраметную, бо злачыннасьць пануе сярод іх у дамах іх.

я ж паклічу Бога, і Гасподзь мяне выратуе.
 
Я клікаў Бога, і Госпад пачуў мяне.

Увечары і раніцай і апоўдні я буду маліць і прасіць, і Ён пачуе мой голас;
 
Увечары, раніцай і апоўдні буду казаць і абвяшчаць, і Ён пачуе мой голас.

выбавіць душу маю ў спакоі ад тых, хто на мяне паўстае; бо іх многа ў мяне;
 
Ён вызваліць душу маю ў супакоі ад тых, што набліжаюцца да мяне, бо многа іх было вакол мяне.

Бог выслухае, і суцешыць іх Той, Хто адвеку сядзіць на троне, бо няма ў іх перамены, і Бога яны не баяцца;
 
Бог пачуе, і Той, што існуе вечна, упакорыць іх. Бо няма для іх перамены, таму што не збаяліся Бога.

рукі свае паднялі на тых, якія зь імі ў міры, парушылі згоду сваю;
 
Ён працягнуў руку сваю для адплаты: яны апаганілі запавет Яго.

вусны ў іх гладкія, нібы масла, а ў сэрцы варожасьць у іх; словы іхнія лагаднейшыя за алей, а самі яны — мячы аголеныя.
 
Разьбегліся ад гневу аблічча Яго, і сэрца іх да горла наблізілася: словы Яго былі мякчэйшыя за алей, а насамрэч яны — стрэлы.

Пакінь Госпаду клопат твой, і Ён падтрымае цябе. Ніколі ня дасьць Ён праведніку пахіснуцца.
 
Ускінь клопат твой на Госпада, і Ён падтрымае цябе, павек не дазволіць праведніку пахіснуцца.

Ты, Божа, зьвядзеш іх у яму пагібельную; крыважэрныя і падступныя не пражывуць палавіны дзён сваіх. А на Цябе, Госпадзе, спадзяюся.
 
А іх Ты, Божа, зьвядзеш у гібельную яму: людзі лютыя і крывадушныя не дажывуць да паловы дзён сваіх. А я, Госпадзе, буду спадзявацца на Цябе.