Псалтыр 91 псалом
Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Аляксандара Надсана
Псальма. Песьня на дзень суботні.
Псалом песьні ў дзень суботні.
Дабро ёсьць — славіць Госпада і сьпяваць імю Твайму, Усявышні,
Добра ёсьць дзякаваць Госпаду і сьпяваць хвалу імю Твайму, Усявышні,
абвяшчаць раніцай ласку Тваю і праўду Тваю ўначы,
абвяшчаць раніцай міласэрнасьць Тваю і праўду Тваю ўначы
на дзесяціструнным і на псалтыры, зь песьняю на арфе.
на дзесяціструннай арфе, з песьняю, на гусьлях.
Бо Ты ўсьцешыў мяне, Госпадзе, тварэньнем Тваім; я захапляюся дзеямі рук Тваіх.
Бо Ты, Госпадзе, узрадаваў мяне тварэньнем Тваім, і я буду цешыцца з твораў рук Тваіх.
Якія вялікія дзеі Твае, Госпадзе! дзівосна глыбокія помыслы Твае:
Якія велічныя творы Твае, Госпадзе! Задумы Твае вельмі глыбокія:
Чалавек няцямны ня ведае, і недавумак не разумее таго.
чалавек безразважны не пазнае іх, а неразумны не зразумее.
Тым часам як бязбожныя растуць, бы трава, і ліхадзеі квітнеюць, каб зьнікнуць навечна, —
Калі грэшнікі, быццам трава, паўзыходзілі і зьявіліся ўсе, што чыняць беззаконьне, дык на тое, каб быць зьнішчанымі на век вякоў.
Ты, Госпадзе, высокі векавечна!
Ты ж, Госпадзе, — найвышэйшы давеку.
Бо вось, ворагі Твае, Госпадзе, — вось, ворагі Твае гінуць, і рассыпаюцца ўсе ліхадзеі;
Бо вось ворагі Твае, Госпадзе, вось ворагі Твае згінуць, і разьбягуцца ўсе, што чыняць беззаконьне.
а мой рог Ты падымаеш, як рог аднарога, і я ўмашчаны сьвежым алеем;
І ўзьнясецца, як у аднарога, рог мой, і старасьць мая будзе сытая алеем.
і вока маё глядзіць на ворагаў маіх, і вушы мае чуюць пра паўсталых на мяне злыдняў.
І вока маё глянула на ворагаў маіх, а пра злыдняў, што паўсталі супраць мяне, пачуе вуха маё.
Праведнік цьвіце, як пальма, узвышаецца, быццам кедр на Ліване.
Праведнік, як пальма, зацьвіце, як кедр, што ў Лібане, разрасьцецца.
Пасаджаныя ў доме Гасподнім, яны цьвітуць на падворках Бога нашага;
Пасаджаныя ў доме Гасподнім, яны расьцьвітуць на дварах Бога нашага.
яны і ў старасьці пладаносныя, сакавітыя і сьвежыя,
Яны і ў глыбокай старасьці размножацца і будуць жыць у дастатку,
каб абвяшчаць, што Гасподзь справядлівы, цьвярдыня мая, і няма ў Ім няпраўды.
каб сьведчыць, што Госпад Бог наш праведны і няма няправеднасьці ў Ім.