Псалтыр 97 псалом

Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Аляксандара Надсана

 
 

Псальма Давідава. Засьпявайце Госпаду новую песьню; бо Ён дзівосы стварыў. Ягоная правіца і сьвятая мышца Ягоная прынесьлі Яму перамогу.
 
Псалом Давіда. Сьпявайце Госпаду новую песьню, бо Госпад дзівоснае ўчыніў: правая рука Яго і сьвятое плячо Яго далі Яму перамогу.

Паказаў Гасподзь выратаваньне Сваё, адкрыў перад вачыма народаў праўду Сваю.
 
Госпад зрабіў вядомым збаўленьне сваё, перад народамі адкрыў сваю справядлівасьць.

Успомніў Ён міласьць Сваю да Якава і вернасьць Сваю да дома Ізраілевага. Усе канцы зямлі ўбачылі ратунак Бога нашага.
 
Ён прыгадаў міласьць сваю Якубу і праўду сваю дому Ізраіля. Усе канцы зямлі ўбачылі збаўленьне Бога нашага.

Усклікайце Госпаду, уся зямля; радуйцеся, весялецеся і сьпявайце;
 
Усклікніце Богу — уся зямля — сьпявайце, і радуйцеся, і грайце!

сьпявайце Госпаду з арфаю, з арфаю і з псальмамі;
 
Грайце Госпаду на гусьлях, на гусьлях пад сьпеў псалма;

з гукамі труб і рога радуйцеся прад Валадаром Госпадам.
 
на трубах каваных і пад гукі трубаў з рога радасна сьвяткуйце перад Уладаром Госпадам!

Хай шуміць мора і ўсё, што ў ім, сусьвет і ўсё, што жыве ў ім;
 
Хай захвалюецца мора і ўсё, што напаўняе яго, сусьвет і ўсе, што жывуць у ім.

хай у далоні пляскаюць рэкі; хай радуюцца разам горы
 
Рэкі заплёскаюць разам рукамі, узрадуюцца горы,

прад абліччам Госпада; бо Ён ідзе судзіць зямлю. Ён будзе судзіць сусьвет справядліва і народы — па праўдзе.
 
бо Ён ідзе судзіць зямлю: Ён будзе судзіць сьвет у справядлівасьці і народы ў праведнасьці.