Псалтыр 72 псалом
Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Аляксандара Надсана
Псальма Асафава. Які добры Бог да Ізраіля, да чыстых сэрцам!
Псалом Асафа. Які добры Бог для Ізраіля, для праведных сэрцам!
А я — ледзь ногі мае не пахіснуліся, ледзь падэшвы мае не пакаўзнуліся, —
А мае ногі мала не спатыкнуліся, ледзь не пасьлізнуліся ступні мае.
я быў ліхім пазайздросьціў, як пабачыў дабрадзенства бязбожных,
Бо я пазайздросьціў беззаконьнікам, гледзячы на спакой грэшнікаў:
бо няма ім цярпеньняў да самае сьмерці, і сіла моцная ў іх;
бо няма шкадаваньня ў сьмерці іх, і яны стойкія ў выпрабаваньні іх;
на працы людзкой іх няма, і разам зь людзьмі яны ўціску ня знаюць.
не для іх клопаты людзкія, і яны не нясуць пакараньня, як іншыя людзі.
Вось таму іхняя пыха, як нашыйнік, абклала іх, і дзёрзкасьць, як убор, аблягае іх;
Дзеля гэтага пыха апанавала іх, яны апрануліся ў няправеднасьць і бязбожнасьць.
вылазяць ім вочы ад тлушчу, жаданьні ў сэрцы іхнім варушацца,
Як з тлушчу, выйдзе няправеднасьць іх, за нахілам сэрца пайшлі яны.
сьмяюцца яны з усяго; зласьліва паклёпы наводзяць; ганарыста гавораць;
Думалі і гаварылі яны благое, няправеднае гаварылі высакамерна;
вусны свае ўзносяць да неба, — а іхні язык па зямлі валачэцца.
вусны свае ўзьнялі да неба, а язык іх хадзіў па зямлі.
Таму туды ж зьвяртаецца народ ягоны, і п’юць ваду поўнаю чараю
Дзеля гэтага народ мой павернецца туды, і дні поўныя дастатку будуць у іх.
і кажуць: «як уведае Бог? і ці мае Ўсявышні веданьне?»
І казалі яны: «Як Бог даведаецца? І ці ёсьць розум ва Усявышняга?»
І вось гэтыя грэшнікі песьцяцца на гэтым сьвеце і памнажаюць багацьце.
Вось гэтыя людзі — грэшнікі, а жывуць у дастатку, навек захавалі багацьце сваё.
І сказаў я: ці ж не дарма ачышчаў я сэрца маё і ў нянавісьці абмываў мае рукі,
І сказаў я: «Ці ж дарэмна захаваў я праведным сэрца маё і абмываў у нявіннасьці рукі мае?»
і ўвесь дзень я цярплю ўдары, і кожнае раніцы кару прымаю?
І я мучыўся ўвесь дзень, і ад ранку дакараў сябе.
Калі б я сказаў: буду так разважаць, як яны, — дык здрадзіў бы роду сыноў Тваіх.
Калі б я сказаў: «Буду разважаць так, як яны», я зламаў бы саюз з родам сыноў Тваіх.
І задумаўся я, як зразумець гэта; але цяжка яно ў вачах маіх,
І я намагаўся спазнаць гэта: цяжкасьці чакаюць мяне,
пакуль не ўвайшоў я ў сьвятыню Божую, і не зразумеў іхняга канца.
пакуль увайду ў сьвятыню Божую і зразумею канец іх.
Так! на коўзкіх шляхах паставіў Ты іх, і скідаеш іх у прорвішчы.
Сапраўды, за хітрасьці іх Ты прызначыў ім злое, Ты скінуў іх, калі яны ўзьняліся.
Як зьнянацку яны ўвайшлі ў спусташэньне, згінулі, зьніклі ад жахаў!
Як жа яны прыйшлі ў запусьценьне! Раптам счэзьлі, згінулі за свае бясчынствы!
Як сном пасьля абуджэньня, так Ты, Госпадзе, іх разбудзіўшы, зьнішчыш іхнія мроі.
Як сон таго, хто ўстаў, так Ты, Госпадзе, за нішто палічыш вобраз іх у месьце Тваім.
Калі кіпела сэрца маё і трымцела нутрына мая,
Бо вось сэрца маё загарэлася, і нутро маё зьмянілася,
быў я тады неразумны, нічога ня цяміў; як быдла быў я прад Табою.
і я, пагарджаны і неразумны, стаў як жывёла перад Табою.
Але заўжды я з Табою; Ты трымаеш мяне за правую руку:
Але я заўсёды з Табою: Ты ўзяў мяне за правую руку,
Ты вядзеш мяне паводле радаў Тваіх, і потым у славу прымаеш мяне.
радаю Тваёю вёў мяне і са славаю прыняў мяне.
Хто мне на небе? і з Табою нічога не хачу на зямлі.
Што для мяне ёсьць на небе? І, апроч Цябе, чаго на зямлі жадаць мне?
Зьнемагае цела маё і сэрца маё; Бог — цьвярдыня сэрца майго і частка мая навечна,
Зьнемагліся сэрца маё і цела маё, Божа сэрца майго і частка мая, Божа, давеку!
бо вось гінуць усе, хто збочвае ад Цябе; Ты нішчыш кожнага, хто ад Цябе адступаецца.
Бо вось згінуць тыя, што ад Цябе аддаляюцца: Ты зьнішчыў кожнага, хто праз распусту адышоў ад Цябе.
А мне добра набліжацца да Бога! На Госпада Бога паклаў я надзею маю, каб абвяшчаць усе дзеі Твае!
А мне добра прыхінуцца да Бога, ускласьці на Госпада надзею маю, каб у брамах дачкі Сыёну рабіць вядомай усю хвалу Тваю.