Псалтыр 128 псалом

Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Аляксандара Надсана

 
 

Песьня ўзыходжаньня. Шмат уціскалі мяне зь юнацтва майго, хай скажа Ізраіль:
 
Песьня ўзыходжаньняў. Шмат разоў з маладосьці маёй усчыналі вайну са мною — хай скажа цяпер Ізраіль, —

шмат уціскалі мяне зь юнацтва майго, але не адолелі мяне.
 
шмат разоў з маладосьці маёй усчыналі вайну са мною, але не адолелі мяне.

На хрыбце маім аралі аратыя, вялі доўгія барозны свае.
 
На сьпіне маёй шчыравалі грэшнікі, працягвалі чыніць беззаконьні свае.

Але Гасподзь справядлівы; Ён расьсек путы бязбожнікаў.
 
Справядлівы Госпад сьцяў шыі грэшнікаў.

Хай пасаромяцца і павернуць назад усе ненавісьнікі Сіёна.
 
Хай сумеюцца і павернуць назад усе, што ненавідзяць Сыён,

Хай будуць, як трава на дахах, якая раней, чым вырвана будзе, засыхае,
 
хай стануць як трава на стрэхах, што засыхае перш, як вырвуць яе,

якою жнец не напоўніць рукі сваёй, а хто вяжа снапы — жмені сваёй;
 
якою жнец не напоўніць жмені сваёй, ані той, хто вяжа снапы — бярэмя свайго,

і хто праходзіць міма, ня скажа: дабраславеньне Гасподняе на вас; дабраслаўляем вас імем Гасподнім!
 
і тыя, што праходзяць міма, ня скажуць: «Блаславеньне Гасподняе на вас! Мы блаславілі вас у імя Гасподняе».